Навіны Аналітыка

Сыход Чавеса не будзе мець эканамічных наступстваў для Беларусі

Сыход Чавеса не будзе мець эканамічных наступстваў для Беларусі

1786 Праглядаў Мінск
На думку аналітыка Сяргея Чалага, Мінск ужо атрымаў ад Каракаса, то што хацеў.

Беларусь і Венесуэлу ў эканамічных адносінах практычна нічога не звязвае. Такое меркаванне карэспандэнту БДГ выказаў беларускі эканаміст Сяргей Чалы, каментуючы магчымае развіццё беларуска-венесуэльскіх адносін пасля смерці прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса.

"Усё будзе залежаць ад таго, што будзе рабіць паслядоўнік Чавеса: ці будзе ён наладжваць адносіны са Злучанымі Штатамі, якія пагоршыліся, калі Венесуэла нацыяналізавала іх актывы на сваёй тэрыторыі. Па сутнасці, з гэтага і пачалася гісторыя ўзаемадзеяння з Беларуссю, калі атрымалася, што нафтавыя кампаніі Венесуэла нацыяналізавала, а сваіх спецыялістаў у геолагаразведцы ў яе не было. Беларусь прыйшла на дапамогу, потым адно пацягнулася за іншым, прыдумляць розныя схемы і праекты", – адзначыў ён.

Паводле яго слоў, "ільвіная доля з таго, што ёсць, альбо спыніць сваё існаванне, альбо ў тым выглядзе ў якім ёсць (а там, прама скажам, вельмі невялікія аб'ёмы) неяк будзе працягвацца".

"Я думаю, што ёсць толькі адзін сумесны праект, які больш-менш мае жыццяздольнасць. Гэта стварэнне там нашых зборачных вытворчасцей, у тым ліку МАЗа. У яго ёсць нядрэнны рынак збыту ў Лацінскай Амерыцы, так што цалкам магчыма, што ён будзе працягвацца. А будаўнічыя паслугі і здабыча нафты ў басейне ракі Арынока наўрад ці, там не толькі ў нас, але і ў многіх іншых дрэнна атрымліваецца здабываць з-за цяжкіх умоваў здабычы. Мала што з гэтага застанецца. Наогул жа, маштабнага ўзаемадзеяння асабліва не было", – падкрэсліў Сяргей Чалы.

Пры гэтым ён заявіў, што "праект з пастаўкай у Беларусь венесуэльскай нафты, а потым азербайджанскай сваю гістарычную ролю – напалохаць Расію наяўнасцю альтэрнатыўных крыніц энерганосьбітаў – згуляў". "Гэта нам дазволіла выбіць з Расіі лепшыя ўмовы пастаўкі нафты, і ўрэшце нафтавыя вайны спыніліся. Так што, што хацелі, мы атрымалі. З таго, што засталося, мабыць, мала што мае нейкі эканамічны сэнс", – мяркуе эксперт.

Між тым, паводле дадзеных міністэрства замежных спраў Беларусі, вынікам беларуска-венесуэльскага супрацоўніцтва з'явілася адкрыццё ў Венесуэле прадстаўніцтваў "Беларуснафты", "Белгархімпрама", "Белзарубежстроя", сумесных прадпрыемстваў па здабычы нафты "Петролера БелаВенесалана", па сейсмаразведачных працах "Сісміка БелаВенесалана", газіфікацыі "Венесуэлагазстрой", "МАЗВен С.А." і "ВенеМінск Тракторес С.А.". таксама пабудаваныя прадпрыемствы па зборцы грузавых аўтамабіляў МАЗ і трактароў МТЗ, будаўніцтва завода па вытворчасці будматэрыялаў. Плануецца, што на машынабудаўнічых заводах будзе збірацца да 5 тыс. грузавікоў і 10 тыс. трактароў у год, а вырабленая прадукцыя пастаўляцца на рынкі краін Лацінскай Амерыкі.

Акрамя таго, зарэгістравана сумеснае беларуска-венесуэльскае гандлёвае прадпрыемства "ВЕНБЕЛКОМ С.A.", працуюць Беларуска-венесуэльская сумесная камісія высокага ўзроўню, Міжурадавыя Беларуска-венесуэльская сумесная камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, у Мінску і Гомелі дзве школы названы ў гонар венесуэльскіх нацыянальных герояў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны