Навіны Аналітыка

Уладзімір Някляеў: Мы працягваем наша стратэгічнае супрацоўніцтва

Уладзімір Някляеў: Мы працягваем наша стратэгічнае супрацоўніцтва

1982 праглядаў Мінск
Лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў расставіў акцэнты ва ўласных заявах, якія прагучалі напярэдадні на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

"Нам прапаноўваюць абмяркоўваць абранне адзінага кандыдата. З майго пункту гледжання, сёння гэтае пытанне не вырашальнае", – Уладзімір Някляеў.

Намеснік старшыні кампаніі Андрэй Дзмітрыеў падкрэсліў, што спрэчкі аб адзіным кандыдаце "дробняць апазіцыйныя сілы, руйнуюць іх адзінства". "Гэтыя спрэчкі толькі паказваюць, што мы не гатовыя супрацоўнічаць паміж сабой. Мы гатовыя дыскутаваць пра будучыню краіны, але не аб дробных пытаннях ўнутры апазіцыі", – нагадвае словы палітыка "Беларускі партызан".

Гэтыя заявы ўспрынятыя журналістамі як аднабаковы выхад "Гавары праўду" з перамоўнага працэсу пра адзінага кандыдата. Ці так гэта? Лідар кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў расставіў кропкі над "і" ва ўзніклай на пустым месцы спрэчцы.

– Уладзімір Пракопавіч, учора Вы зрабілі шэраг рэзкіх заяваў з нагоды абмеркавання праблемы "адзінага кандыдата". Ці значыць гэта, што перамовы з Рухам "За Свабоду" і з БНФ спыніліся з нулявым вынікам?

– Ні ў якім выпадку. Мы працягваем наша стратэгічнае супрацоўніцтва і задаволены тым, што змаглі дамовіцца па ўсіх асноўных пытаннях. Калі на прэс-канферэнцыі мы сказалі аб выхадзе з працэсу публічнага абмеркавання "адзінага кандыдата", мы сказалі толькі аб тым, што спыняем спрачацца з нязгоднымі, угаворваць тых, што вагаюцца і каментаваць каментатараў. Трэба працаваць, а не балбатаць! І з Аляксандрам Мілінкевічам, і Аляксеем Янукевічам мы пра гэта, перш за ўсё, і дамовіліся. Ёсць ўзгоднены план дзеянняў – мы строга прытрымліваемся яго. Пачалося паўнавартаснае партнёрства дзеля перамен – калі ніхто не цягне коўдру на сябе, усе працуюць.

– Гэта значыць, стратэгічнае супрацоўніцтва працягваецца?

– Так, супрацоўніцтва працягваецца, размовы скончаны.

– Вы маеце на ўвазе, што перамовы скончаныя?

– Перамовы як раз працягваюцца. Скончана балбатня аб перамовах.

Лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч кажа, што супрацоўніцтва з "Гавары праўду" і Партыяй БНФ працягваецца, роўна як ідзе працэс па адзіным кандыдату:

– Я не хачу каментаваць Някляева – ён сам сябе пракаментаваў, патлумачыў, што меў на ўвазе. Супрацоўніцтва пабудаваць заўсёды складана. Але асабліва складана гэта зрабіць у беларускіх умовах. Мы кажам пра тое, як трэба супрацоўнічаць. А супрацоўніцтва паміж нашымі трыма арганізацыямі працягваецца. Напрыклад, па годзе Каліноўскага мы маем агульны план, агульнае фінансаванне. Патрэбна канкрэтная сумесная праца, і мы даражым дасягнутым супрацоўніцтвам", – кажа Аляксандр Мілінкевіч.

Што датычыць перамоваў аб адзіным кандыдаце, то Аляксандр Мілінкевіч лічыць:

– Я так разумею, "Гавары праўду" не хоча весці публічную дыскусію. Мы працуем і па адзінага кандыдата. Але калі з'явіцца вынік, прагназаваць не бяруся. Усе ведаюць – дзіця павінна нарадзіцца праз дзевяць месяцаў. Гэты працэс патрабуе часу, – падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

– Яшчэ ўчора да мяне звярталіся журналісты за каментарамі. Я адказваў: не думаю, што прагучалі заявы, якія сведчаць пра разрыў супрацоўніцтва. Сітуацыя праяснілася – так і атрымалася.

У нас ёсць пэўныя дамоўленасці ў фармаце трох арганізацый, яны застаюцца. І я звязваю пэўныя надзеі на развіццё супрацоўніцтва ў гэтым фармаце. Спадзяюся, кола ўдзельнікаў перамоваў можа пашырацца і будзе пашырацца.

Аляксей Янукевіч згодны, што час пераходзіць да канкрэтнай працы:

– Раз ёсць сумесныя планы – трэба засяродзіцца на іх выкананні. Сапраўды, не варта ўцягвацца ў публічныя разборкі, высвятленне адносін, тым больш у віртуальнай прасторы.

Лідар Партыі БНФ канкрэтызаваў планы "тройкі" на бліжэйшую перспектыву:

– Сумесна мы адзначаем Год Каліноўскага, 95-годдзе Рады БНР, рыхтуем сумесныя планы па падрыхтоўцы да мясцовых выбараў. У перспектыве – перамовы пра будучыню, пра фармат нашага ўдзелу ў будучай прэзідэнцкай кампаніі, – патлумачыў Янукевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны