Навіны Навіны Беларусі

Падрыхтоўка да 25 Сакавіка аб’яднала апазіцыю

Падрыхтоўка да 25 Сакавіка аб’яднала апазіцыю

3050 Праглядаў Мінск
На прэсавай канферэнцыі прадстаўнікоў аргкамітэта па адзначэнні Дня Волі агучаны план святочных мерапрыемстваў.

Цягам сакавіка напярэдадні свята будуць праведзеныя тры круглыя сталы ў рэдакцыях незалежных СМІ. Тэмы для абмеркавання: "Беларускасць", "Незалежнасць", Рэспубліка".

Сябры аргкамітэта паведамілі, што ў Мінгарвыканкам ужо пададзена заяўка на правядзенне вулічнай акцыі 24 сакавіка. Збор запланаваны на пляцоўцы каля Батанічнага саду а 12 гадзіне. Пасля – шэсце да плошчы Бангалор. У парку "Дружбы народаў" а 14 гадзіне пачнецца мітынг.

Чакаецца адказ ад адміністрацыі ДК МТЗ наконт правядзення ўвечары 24 сакавіка святочнай вечарыны. Яна мусіць пачацца а 17 гадзіне і доўжыцца да 21.00. Пад канец вечарыны запланаваны канцэрт з удзелам музыкаў з "чорнага спісу".

"Мы плануем сабраць вялікую колькасць людзей, якія лічаць гэты дзень сапраўдным святам Беларусі. Чакаем віншавальны зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, будуць выступы гісторыкаў, прадстаўнікоў арганізацый, якія ўваходзяць у склад аргкамітэта. Мэта мерапрыемства – прадэманстраваць грамадству, што ёсць людзі, якія шануюць і святкуюць дату абвяшчэння Беларускай народнай рэспубліцы, зрабіць гэты дзень сапраўды святочным", – кажа намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч таксама выказаў упэўненасць, што ў Беларусі наступяць часы, калі Дзень Волі будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні, а імпрэзы, прысвечаныя гэтаму дню будуць праходзіць на лепшых канцэртных пляцоўках.

Непасрэдна 25 сакавіка адбудзецца ўскладанне кветак да помнікаў Янку Купалу і Якубу Коласу, а таксама выніковы круглы стол (канферэнцыя), дзе будуць падсумаваныя вынікі папярэдніх дыскусій і зробленыя высновы.

На сустрэчы з журналістамі прысутнічалі Уладзімір Някляеў, Юрась Губарэвіч, Аляксей Янукевіч, Віктар Івашкевіч, Дзяніс Садоўскі і Анатоль Лябедзька, якія прадстаўлялі адпаведна грамадзянскую кампанію "Гавары праўду", Рух "За Свабоду", Партыю БНФ, "Еўрапейскую Беларусь", аргкамітэт па стварэнні БХД і АГП.

У складзе аргкамітэта таксама Рада беларускай інтэлігенцыі, творчая суполка "Пагоня", "Беларускі рух", моладзевыя ініцыятывы.

"Важна да адзначэння Дня Волі далучаць сучасны аспект. Трэба акцэнтаваць увагу на тым, што зараз надзвычай актуальна стаіць пытанне абароны эканамічнага суверэнітэта Беларусі. Важна каб мы разам не дапусцілі "распіла" дзяржаўнай уласнасці праз "сейфавую" прыватызацыю", – адзначыў Анатоль Лябедзька.

"Не так шмат у нас такіх гістарычных дат і гістарычных постацяў. Гэта – дата 25 Сакавіка і постаць Кастуся Каліноўскага. Рэжым у хаўрусе з імперскай ідэалогіяй імкнецца раструшчыць усё тое, на чым стаіць беларуская свядомасць. У гэтай сітуацыі нам трэба абавязкова выстаяць!" – сказаў Уладзімір Някляеў.

Па словах кіраўніка "Гавары праўду" сябры аргкамітэта стараюцца зрабіць тое, што магчыма ў сённяшніх умовах, але гатовыя падтрымаць іншыя акцыі, калі іх нехта ініцыюе. "Мы сёння разам і, спадзяюся, разам будуць усе тыя, каму дарагая наша Беларусь", – дадаў палітык і паэт.

"Адной з галоўных тэмаў адзначэння, разам з абаронай незалежнасці, эканамічнага суверэнітэту, будзе патрабаванне вызвалення палітвязняў. Тэма будзе прысутнічаць падчас усіх мерапрыемстваў да Дня Волі", – адзначыў Аляксей Янукевіч.

Паводле Віктара Івашкевіча, галоўныя шляхі інфармавання людзей пра Дзень Волі і прысвечаныя яму імпрэзы у гэтым годзе будуць незалежныя СМІ і Інтэрнэт. "Кожны павінен адчуваць сябе сябрам шырокага аргкамітэта, робячы "малыя справы", інфармаваць сваякоў, суседзяў, раздрукаваць, пры магчымасці, дзясятак улётак", - дадаў палітык. Пасля падрыхтоўкі эмблемы да Дня Волі моладзевая арганізацыя "Змена" створыць адпаведныя суполкі у сацыяльных сетках.

Прадстаўнікі аргкамітэта спадзяюцца, што ўлады дазволяць адзначыць Дзень Волі ў пашыраным фармаце, паколькі сёння ў афіцыйнага Мінска ёсць зацікаўленасць у наладжванні стасункаў з Аб'яднанай Еўропай. Удзельнікі прэс-канферэнцыі адзначылі, што Дзень Волі – свята, якое мусіць аб'ядноўваць усё дэмакратычнае грамадства, бо гэта агульная каштоўнасць для ўсіх незалежных палітычных сілаў, і аргкамітэт заўсёды адкрыты для далучэння іншых структур і арганізацый.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны