Навіны Навіны Беларусі

У Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі

У Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі

2153 праглядаў Мінск
Раніцай 20 лютага ў Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 24 сакавіка вулічных акцый у межах святкавання Дня Волі.

Подпісы пад заяўкай паставілі прадстаўнікі Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Раманоўскі, Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч і член аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Дзяніс Садоўскі.

"Пытанняў з боку прадстаўнікоў выканкама да нас падчас падачы заяўкі не ўзнікала. Нам нават паведамілі нумар тэлефона, па якім праз некалькі дзён мы зможам даведацца пра адказнага за разгляд заяўкі, каб у выпадку неабходнасці абмеркаваць узніклыя пытанні", — сказаў БелаПАН Янукевіч.

Галоўная мэта акцыі, падкрэсліў ён, — дастойна адсвяткаваць 95-ю гадавіну абвяшчэння БНР, а таксама прыцягнуць увагу грамадства да праблемы незалежнасці Беларусі і свабоды правоў яе грамадзян.

Дзень Волі штогод адзначаецца дэмакратычнай грамадскасцю краіны, ён прымеркаваны да даты абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года). Сёлета ў аргкамітэт па святкаванні ўвайшлі прадстаўнікі дэмакратычных партый і грамадскіх ініцыятыў, у тым ліку Партыі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Руху "За Свабоду", кампаніі "Еўрапейская Беларусь", аргкамітэта па стварэнні БХД і іншых структур.

Мяркуецца, што збор удзельнікаў акцыі пачнецца 24 сакавіка ў 12.00 каля ўваходу ў Цэнтральны батанічны сад. Адтуль прысутныя пойдуць у бок парку Дружбы Народаў, дзе пройдзе мітынг, які павінен закончыцца ў 15.00.

На 24 сакавіка таксама запланаваны ўрачысты сход і канцэрт у Палацы культуры Мінскага трактарнага завода. Заяўка на імя адміністрацыі ДК з просьбай выдзеліць памяшканне ў арэнду пададзена на мінулым тыдні за подпісам лідара Руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны