Навіны Навіны Беларусі

Кіраўнік Віцебшчыны не выканаў абяцанне Лукашэнку

Кіраўнік Віцебшчыны не выканаў абяцанне Лукашэнку

2305 Праглядаў Гарадок
Актывіст Руху «За Свабоду» Леанід Гаравы звяртае ўвагу на невыкананне слова, дадзенага старшынём Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Касінцам, што заробак у вобласці напрыканцы 2012 году дасягне пяці мільёнаў рублёў. Паводле Белстату, заробак не дацягнуў і да 500 долараў.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец не выканаў абяцанне дадзенае Лукашэнку наконт выхаду Віцебшчыны ў снежні на сярэдні заробак у пяць мільёнаў. Наогул, і Гарадоцкі раён, і Віцебшчына - аўтсайдары ў краіне па сярэдніх заробках, піша Леанід Гаравы на сайце haradok.info.

У сярэдзіне снежня мінулага году на ўсю краіну старшынёй Віцебскага аблвыканкама Косінцам перад кіраўніком краіны была агучана інфармацыя аб тым, што на Віцебшчыне сярэдні заробак у снежні дасягне пяці мільёнаў рублёў. Лукашэнка ўхваліў такія пазітыўныя тэндэнцыі ў вобласці.

Дзеля дасягнення магічнай лічбы ў пяць мільёнаў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароны аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў накіраваў у гаррайвыканкамы ліст "Аб узроўні заработнай платы на снежань 2012 года". У лісце Хрыстафораў абгрунтаваў механізм дасягнення сярэдняга заробку ў пяць мільёнаў на Віцебшчыне, які паабяцаў Аляксандр Косінец пад час сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка на ААТ "Віцебскдрэў".

Але гэтае абяцанне, як і шматлікія іншыя абяцанні, стала няспраўджанай абяцанкай старшыні Віцебскага аблвыканкама Косінца. Паводле афіцыйных дадзеных, сярэдні заробак на Віцебшчыне ў снежні не толькі не дасягнуў знакавай лічбы – пяць мільёнаў, але не дасягнуў заробку ў 500 долараў, якія абяцалі ўлады працоўным.

Нацыянальны статыстычны камітэт зафіксаваў лічбу сярэдняга заробку на Віцебшчыне ў 4 млн. 245 тысяч руб., на якія ніяк не набудзеш 500 долараў. І гэта адзін з самых нізкіх заробкаў у краіне. Ніжэй толькі заробак на Брэстчыне, дзе вельмі распаўсюджаны напаўлегальны бізнес з Польшчай. Ва ўсіх астатніх рэгіёнах і без прапагандысцкай траскатні заробкі ў людзей вышэй, чым на Віцебшчыне. Ды і па тэмпах прыросту заробкаў за год Віцебшчына ў аўтсайдарах – меншыя тэмпы росту рэальнага заробку толькі на Міншчыне, дзе сярэдні заробак за снежань амаль на 300 тысяч болей, чым у нас. Толькі ў параўнанні з лістападаўскімі заробкамі на Віцебшчыне іх рост вышэй за агульнарэспубліканскі на 1%. 

Па Гарадоцкім раёне афіцыйныя дадзеныя аб снежаньскіх заробках яшчэ не апублікаваны. Але дадзеныя аб сярэднемесячных заробках у 2012 годзе сведчаць, што ён на Гарадоччыне адзін самых нізкіх, як Віцебшчыне, так і ў краіне. Для Гарадоцкага раёна гэта лічба - 2721 тыс. рублёў, а меней толькі ў Браслаўскім раёне – 2542 тыс. руб, Шумілінскім – 2577 тыс. руб.. І калі мясцовыя чыноўнікі лічаць з прапагандыскіх мэтаў людзей раёна галоўным багаццем, то вартасць гэтага багацця – сімвалічная. Бо ў рэальнасці, як ацэньваюць людзей, так і ім плацяць.

Між тым, старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, праваліўшы адно абяцанне даў іншае – яшчэ больш захапляльнае.

"Старшыня аблвыканкама заявіў карэспандэнту БелТА напачатку года, што сярэдні заробак на Віцебшчыне дасягне да канца года ашчаднасці аж 750 даляраў! Па сёняшнім курсе набыцця даляраў у банках Гарадка гэта больш 6,5 млн. рублёў. Верыце, што такія заробкі будуць? Я вельмі сумняюся, што на канец года сярэдні заробак дасягне 750 даляраў, гэта значыць узрасце на 52%", – кажа Леанід Гаравы.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны