Навіны Навіны Руху

Дзень Волі ў Адміністрацыі прэзідэнта?

Дзень Волі ў Адміністрацыі прэзідэнта?

2566 Праглядаў Мінск
Прапанову правесці выніковы круглы стол да 95-годдзя БНР у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці выказаў удзельнік паседжання аргкамітэту па адзначэнні 25 Сакавіка Уладзімір Падгол.

У паседжанні аргкамітэта 19 лютага прынялі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ, Руху «За Свабоду», БХД, АГП, «Еўрапейскай Беларусі», мастацкай суполкі «Пагоня», моладзевай арганізацыі «Змена», руху салідарнасці «Разам».

Удзельнікі паседжання абмеркавалі мастацкае аздабленне свята і яго інфармацыйнае забеспячэнне. Запланавана зрабіць вялікі банер для вулічнай акцыі і выпусціць 10 тысяч налепак. Адказным за мастацкую частку прызначаны Мікола Купава. (Нагадаем, 22 сакавіка па адрасе Чарнышэўскага, 3 адкрыецца выстава суполкі «Пагоня», прысвечанай 95-м угодкам абвяшчэння БНР.)

У сацыяльных сетках Facebook i vkontakte.ru у бліжэйшы час будуць створаны прысвечаныя Дню Волі групы.

Лідарам арганізацый, якія ўваходзяць у склад аргкамітэта, прапанавана напісаць публіцыстычныя артыкулы з пасланнем, чаму беларусам абавязкова варта адзначаць дзень 25 сакавіка.

Віктар Івашкевіч узяўся правесці перамовы з рэдакцыямі незалежных газет з мэтай правесці там тры круглыя сталы, ключавымі словамі якіх будуць «Незалежная», «Народная», «Рэспубліка».

На паседжанні прадстаўнікі Руху «За Свабоду», Партыі БНФ, БХД і АГП падпісалі заяўку на правядзенне вулічнай акцыі да Дня Волі. Заяўка будзе пададзена ў Мінгарвыканкам заўтра аб 11 гадзіне. Мяркуецца, што святочная акцыя адбудзецца 24 сакавіка. Збор запланаваны а 12 гадзіне каля ўваходу ў Батанічны сад. Заяўлены маршрут шэсця: пр. Незалежнасці — вуліца Сурганава — плошча Бангалор. Мітынг пачнецца а 14-й гадзіне. Асноўныя лозунгі Дня Волі—2013 — «Абарона незалежнасці!» і «Свабода палітвязням!».

Увечары, 24 сакавіка запланавана ўрачыстая сустрэча з удзелам гісторыкаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячоў і святочны канцэрт. Адпаведны гарантыйны ліст па даручэнні аргкамітэта дасланы старшынём Руху «За Свабоду» у ДК МТЗ. Залю маецца арандаваць з 17 да 21 гадзіны.

Раніцай 25 сакавіка сябры аргкамітэта ўскладуць кветкі да помнікаў Якубу Коласу і Янку Купалу.

Запрошаны на паседжанне госць Уладзімір Падгол прапанаваў паспрабаваць падаць заяўку на правядзенне заключнага круглага стала да 95-годдзя БНР у памяшканнях Музея беларускай дзяржаўнасці, што месціцца ў Адміністрацыі прэзідэнта. Туды можна запрасіць не толькі прадстаўнікоў незалежнага грамадства, але і афіцыйных уладаў. Заключны круглы стол адбудзецца ўвечары 25 сакавіка.

Пры ўсёй крэатыўнасці і нечаканай шматлікасці арганізацыйных прапаноў сябры аргкамітэта спадзяюцца на цярпімае да іх стаўленне з боку ўладаў.

«Відавочна, што апошнія некалькі месяцаў улада дэманструе жаданне наладзіць стасункі з Захадам, адсутнасць яўных перашкодаў у адзначэнні свята яна пастараецца прадаць як істотныя крокі на шляху дэмакратызацыі. Дэмсілы павінны скарыстацца гэтым напоўніцу. Таму мы спадзяемся атрымаць дазвол на правядзенне шэрагу запланаваных намі мерапрыемстваў да 25 сакавіка», — кажа Юрась Губарэвіч.

Чаму у гэтыя дні варта праводзіць такую вялікую колькасць мерапрыемстваў у фармальна незалежнай дзяржаве намеснік старшыні Руху «За Свабоду» патлумачыў так:

«У Беларусі адсутнічае гарант незалежнасці — улада ўзурпаваная групай людзей, якія карыстаюць яе ва ўласных інтарэсах, а народ у большасці сваёй, заняты пытаннямі выжывання ці паляпшэння дабрабыту. У гэтай сітуацыі нацыянальна адказныя дэмакратычныя сілы мусяць прадэманстраваць еднасць, што да пытання важнасці захавання незалежнасці».

Наступнае паседжанне аргкамітэту па адзначэнні Дня Волі—2013 адбудзецца 22 лютага аб 11 гадзіне.

Прэсавая канферэнцыя аргкамітэта запланавана на 25 лютага а 12 гадзіне.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны