Навіны Навіны Руху

Актуальны Каліноўскі

Актуальны Каліноўскі

3611 Праглядаў Мінск
У Мінску адбылася вечарына, прысвечаная пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага. На імпрэзе, што прайшла ў штаб-кватэры Партыі БНФ па адрасе Чарнышэўскага, 3 у межах кампаніі «Год Каліноўскага», выступалі гісторыкі, палітыкі і музыкі.

Вечарыну адкрыў гаспадар памяшкання, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Вёў імпрэзу першы намеснік Руху "За Свабоду", выканаўчы сакратар кампаніі "Год Каліноўскага" Юрась Губарэвіч.

Напачатку імпрэзы перад гасцямі імпрэзы выступіў гісторык Алесь Смалянчук. Ён распавёў пра працы, прысвечаныя Каліноўскаму, у беларускай гісторыяграфіі, пра ўмоўны падзел паўстанцаў на групоўкі "чырвоных" і "белых", пра іх пазіцыі, пазнаёміў прысутных з цікавымі фактамі біяграфіі Кастуся Каліноўскага, з гісторыяй стварэння і выдання "Мужыцкай праўды"…

Юрась Губарэвіч зачытаў вітанне, накіраванае ўдзельнікам вечарыны, ад Янкі Запрудніка.

Наступным выступіў сустаршыня аргкамітэту па адзначэнні Году Каліноўскага, лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. Ён казаў пра тое, што словы, напісаныя Кастусём Каліноўскім у "Лістах з-пад шыбеніцы" надзвычай актуальныя сёння: "Нам сапраўды зараз не хапае і праўды і свабоды. Дыктатура абмяжоўвае нас у гэтых фундаментальных каштоўнасцях. Мы мусім змагацца за нашу незалежнасць, якая зараз пад вялікай пагрозай. Нельга барацьбу за незалежнасць адсоўваць на другі план, ставячы на першы – дэмакратызацыю. Зараз наша будучыня шмат у чым залежыць не толькі ад Усходу, але і ад цывілізаванага Захаду. Расія у дэмакратызацыі Беларусі не дасць рады".

Іншы сустаршыня аргкамітэта па адзначэнні Году Каліноўскага, лідар кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў прадэкламаваў радкі з "Крамольнай балады", прысвечаная Каліноўскаму, прадмова да якой у савецкі час не прайшла цэнзуры. Таксама спадар Уладзімір прачытаў эсэ, прысвечанае лідару паўстання і, паводле яго слоў, сапраўднаму нацыянальнаму герою Беларусі, дэвіз жыцця якога быў "Люблю Беларусь!".

Перад удзельнікамі вечарыны выступіў Уладзімір Арлоў, які прачытаў два ўласныя вершы "Нявеста інсургента" і "1864".

Сябра аргкамітэту па адзначэнні Году Каліноўскага Аляксандр Фядута прэзентаваў паштоўкі з партрэтам Кастуся Каліноўскага. Ён заклікаў падтрымаць палітвязняў, падпісаўшы і даслаўшы ім гэтыя паштоўкі. "Хлопцам, што зараз за кратамі, важна данесці, што дні, якія яны страчваюць у вязніцах, ахвяра не дарэмная", – зазначыў Фядута.

Напрыканцы імпрэзы сябра Руху "За Свабоду", бард Зміцер Бартосік выканаў шэраг сваіх песень.


Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны