Навіны Навіны Руху

Як зменяцца правілы правядзення выбараў?

Як зменяцца правілы правядзення выбараў?

2373 праглядаў Мінск
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб падыходзе уладаў да планаванага ў хуткім часе прыняцця зменаў у Выбарчы кодэкс.

"Давайце да зменаў падыходзіць з пункту гледжання мэтазгоднасці, патрэбы ў той ці іншай змене, запатрабаванасці нашым грамадствам, каб мы для сябе не стварылі нейкіх праблем", – сказаў ён.

Выбары, якія праводзіліся па цяперашнім выбарчым заканадаўстве, Лукашэнка назваў "сумленнымі, адкрытымі", якія дазволілі "забяспечыць волевыяўленне беларускага народа". Гэта, па словах кіраўніка краіны, "сведчыць пра тое, што ў цэлым у нас выпрацаваны прававы механізм арганізацыі і правядзення выбараў. Ён працуе досыць выразна і эфектыўна".

Удасканаленне Выбарчага кодэкса "не павінна прывесці да ломкі інстытутаў, якія ўжо ўстойліва і стабільна функцыянуюць. Яно павінна быць накіравана на прыняцце мер, якія забяспечваюць максімальную рэалізацыю грамадзянамі сваіх выбарчых правоў і ў той жа час што дазваляюць процідзейнічаць спробам дэзарганізацыі выбараў".

У прыватнасці, Лукашэнка пракаментаваў прапанову аб прадастаўленні права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты грамадскім арганізацыям: "У нас тысячы грамадскіх арганізацый, па-першае. Па-другое, адразу задаем пытанне: навошта? У нас што, дэфіцыт вылучэнняў кандыдатамі ў дэпутаты, ёсць праблемы з тым, што не хапае кандыдатаў у дэпутаты? Хапае, хоць гаць гаці. Дык навошта мы тады ўносім падобныя прапановы? Каб камусьці спадабацца, ці наперад забегчы?"

Дарэчы, гэтая прапанова, агучаная Цэнтрвыбаркамам праз ўрадавае інфармагенцтва БЕЛТА, была раскрытыкавана і апазіцыяй, якая рыхтуе свой праект змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодекс.

Зрэшты, аб прапановах палітычных апанентаў Лукашэнкі змаўчаў. Ён толькі сказаў, што "можна прыгледзецца і да рэкамендацый АБСЕ, выпрацаваных па выніках назірання за парламенцкімі выбарамі 2012 года". Аднак, маўляў, "гэта не азначае, што мы згодныя з усімі падыходамі АБСЕ. Мы ж выдатна разумеем, чаго хочуць ад нас людзі з АБСЕ. Мы гэта выдатна ведаем, мы ўжо гэта на практыцы памацалі. Таму рэагуючы на іх заўвагі, а там, натуральна, ёсць нармальныя заўвагі, мы павінны бачыць і той падтэкст, які стаіць за гэтымі прапановамі".

Першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч адзначае, што ў першую чаргу апазіцыя прапануе грамадскае абмеркаванне паправак ў выбарчае заканадаўства. Адпаведны ліст у Цэнтрвыбаркам быo падпісанs і накіраваны пры канцы снежня 2012 года шэрагам палітычных партый і грамадскіх структур, у тым ліку Рухам "За Свабоду".

Аднак ЦВК адказаў адмовай: "Праект нарматыўнага прававога акта можа быць вынесены на публічнае (усенароднае, грамадскае або прафесійнае) абмеркаванне па рашэнні дзяржаўнага органа (службовай асобы), упаўнаважанага прымаць (выдаваць) нарматыўныя прававыя акты. У адпаведнасці з законам Цэнтральная камісія не з'яўляецца такім органам".

У ведамстве, што ачольвае Лідзія Ярмошына, таксама адзначылі, што заканадаўства Беларусі не прадугледжвае правядзенне экспертызы законапраектаў БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіяй.

Між тым, прыняцце змяненняў у Выбарчы кодэкс, мяркуючы па ўсім, не за гарамі. Яны будуць унесены ўжо ў гэтым годзе. Прынамсі, пра гэта гаворыцца ва ўказе № 1 кіраўніка дзяржавы аб плане падрыхтоўкі законапраектаў у гэтым годзе.

Закон "Аб унясенні змяненняў у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь" анансуецца як удасканаленне яго нормаў з улікам практыкі прымянення, нагадвае Юрась Губарэвіч.

Ад кіраўніка дзяржавы ў Палату прадстаўнікоў на зацвярджэнне дакумент паступіць у верасні. А падрыхтаваны ён павінен быць у чэрвені. Адказныя за складанне новага Выбарчага кодэкса – Савет міністраў, Цэнтрвыбаркам і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.

Паводле слоў першага намесніка старшыні Руху "За Свабоду", апазіцыя заканчвае зараз распрацоўку сумеснага альтэрнатыўнага законапраекта дапаўненняў і змяненняў у Выбарчы кодэкс. У хуткім часе ён будзе адпраўлены ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.

Па словах Губарэвіча, у Руху "За Свабоду" ўжо маецца свой гатовы законапраект мадэрнізацыі Выбарчага кодэкса, распрацаваны экспертамі "Народнай праграмы". І яго пункты ўвойдуць у агульны законапраект разам з прапановамі кампаніі "За справядлівыя выбары". Будуць улічаны таксама прапановы каманды Дзмітрыя Уса.

"Гэты сумесны альтэрнатыўны законапраект рыхтуецца з удзелам як юрыстаў ад партый і грамадскіх арганізацый, так і з прыцягненнем незалежных экспертаў. І па цяперашнім Выбарчым кодэксе, у прынцыпе, можна было б праводзіць дэмакратычныя выбары. Аднак усё натыркаецца на практыку правапрымянення. Нашы папраўкі закліканы мінімізаваць магчымасць парушэнняў выбарчага заканадаўства і маніпуляцый ім. У выпадку іх прыняцця нахабна фальсіфікаваць выбары не атрымаецца. У прыватнасці, неабходна пашырыць правы назіральнікаў, у выбарчых камісіях павінны быць прадстаўнікі альтэрнатыўных кандыдатаў, а падлік галасоў павінен стаць па-сапраўднаму празрыстым і адкрытым", – кажа Юрась Губарэвіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны