Навіны Навіны Беларусі

Чорныя выходныя

Чорныя выходныя

1977 Праглядаў Мінск Гродна
Напрыканцы мінулага тыдня пайшлі з жыцця беларускі паэт, журналіст Юры Гумянюк і гісторык, археолаг Міхась Чарняўскі.
Жыццё Юрыя, якому было толькі 43 гады, трагічна абарвалася ў суботу. Ён выпаў з балкону дзявятага паверха гродзенскага інтэрната. Кажуць, у апошнія месяцы ён перажываў складанны перыяд жыцця...

Юры Гумянюк працаваў на Беларускую рэдакцыю Польскага радыё. Слухачам ён быў вядомы пад псеўданімам Вацлаў Галімскі. Праграмы ягонага аўтарства ішлі таксама на незалежным радыё «Рацыя», што вяшчае з Польшчы. Выдаў шэраг вершаваных зборнікаў, пісаў раман, п’есы, дакументальную сагу. Быў ня толькі паэт, але і грамадзянін. Падчас «маўклівых акцый» 2011 году Юры Гумянюк быў затрыманы і пасьля суду трапіў пад арышт, які прыняў з годнасцю.

Як адзначаюць сваякі і знаёмыя, Юры быў добры да людзей, з чулай душой паэта.

Пахаванне Юрыя Гуменюка адбудзецца 23 студзеня а 17-й гадзіне на гродзенскіх могілках «Азот». З 16 да 17 гадзіны там жа ў мемарыяльнай зале адбудзецца развітанне.

***

У нядзелю, 20 студзеня ва ўзросце 74 год пасля цяжкай хваробы сышоў з жыцця выбітны гісторык і археолаг, палітык і грамадскі дзеяч Міхась Чарняўскі. З юнацкіх гадоў ён з непрыманнем ставіўся да русіфікацыі і бачыў нясправядлівасць савецкага рэжыму.

Разам з тым, яго глыбока паважалі як аднадумцы, так і тыя, хто трымаўся іншых поглядаў. Такім шчырым і добразычлівым ён быў у адносінах з людзьмі. Ён меў бясспрэчны маральны аўтарытэт для ўсіх, з кім зводзіла яго жыццё.

Стаўшы навукоўцам, Міхась Чарняўскі разам з Уладзімірам Караткевічам і Зянонам Пазняком удзельнічаў у клубе вальнадумнай беларускай інтэлігенцыі «Акадэмічны асяродак», разгромленым КДБ ў 1973 годзе. Цікава, што на сходзе працоўнага калектыву, дзе разглядалася «справа нацыяналістаў», ніхто не патрабаваў расправы над Міхасём. Нават у рэзалюцыі сходу не было патрабавання яго звальнення. Усё ж яму давялося сысці на год пад ціскам ЦК КПБ.

Нягледзячы на складанасці ўласнага жыцця, Чарняўскі знаходзіў магчымасць падтрымліваць Уладзіміра Караткевіча, Ларысу Геніюш і дзясяткі простых беларускамоўных хлопцаў і дзяўчат, далучаў іх да грамадскай дзейнасці.

У 1988–1989 Чарняўскі быў сярод стваральнікаў Народнага Фронту, адраджаў сацыял-дэмакратыю.

Ён быў таксама асветнік. Для папулярызацыі забытых старонак беларускай гісторыі Міхась Чарняўскі пісаў цудоўныя кнігі для дзяцей і дарослых.

Усе, хто ў жыцці перасякаўся з гэтым чалавекам, узгадваюць яго з цеплынёй, адзначаюць працавітасць і адданасць справе адраджэння Бацькаўшчыны.

Развітанне з Міхасём Чарняўскім пройдзе 22 студзеня ў Доме Смутку, што на завулку Кабушкіна, 49 (заезд з вуліцы Куляшова, раён Партызанскага пр-та). Пахаванне адбудзецца на радзіме, у вёсцы Круці Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Няхай зямля будзе пухам гэтым добрым людзям.

Пры напісанні артыкула скарыстаны матэрыялы nn.by, novychas.info

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны