Навіны Навіны Руху

Аляксандр Мілінкевіч: Белсат — гэта вера ў тое, што мы будзем свабодныя ды незалежныя

Аляксандр Мілінкевіч: Белсат — гэта вера ў тое, што мы будзем свабодныя ды незалежныя

1988 Праглядаў Мінск
Беларускія лідары грамадзянскай супольнасці звярнуліся да польскага прэм’ер-міністра з заклікам дапамагчы тэлевізіі «Белсат».

Як нагадвае Польскае радыё, пад зваротам да Дональда Туска падпісаліся вядомыя ў Беларусі ды за межамі асобы: першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, кіраўнік Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў ды іншыя. Аўтары непакояцца, што гэты тэлеканал можа зьнікнуць у сувязі са скарачэньнем фінансаваньня. Гэта адзіны сродак незалежнай інфармацыі ў Беларусі, — гаворыць Станіслаў Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч: Белсат робіцца ўсё больш папулярным каналам у Беларусі. Гэта сучасны канал, а людзі любяць сучасныя СМІ. Ён адпрацаваны тэхнічна. Нічога падобнага ў іншых даступных экранных мэдыях няма. Гэта адзіны сродак незалежнай інфармацыі. Польшча многа добрага зрабіла для Беларусі. Беларусь цяпер у такім цяжкім стане, як некалі была Польшча. Дапамога Польшчы будзе спрыяць таму, каб Беларусь хутчэй дэмакратызавалася. Таму я сумленна й шчыра гэта падпісаў.

Мэдыязнаўца Алесь Анціпенка мяркуе, што пакуль у Беларусі большасьць насельніцтва галоўнай крыніцай інфармацыі бачыць тэлевізію. Таму патрэба незалежнага тэлеканалу сапраўды ёсьць, хоць ёсьць вялікая канкурэнцыя з боку інтэрнэту.

Алесь Анціпенка: На маю думку, гэты праект дае магчымасьць кшталтаваць тэлежурналістаў, бо ў краіне такой магчымасьці няма. Гэта добра для тых, хто лічыць тэлебачаньне галоўнай крыніцай інфармацыі для сябе. Гэта дастаткова вялікая колькасьць людзей у нашай краіне. Іншая справа — тыя, для каго інтэрнэт стаў крыніцай інфармацыі.

Аўтары звароту заклікаюць польскага прэм’ера падтрымаць тэлеканал. Між іншым, дапамагчы пераканаць Эўрапейскі Зьвяз далучыцца да фінансаваньня дадзенага праекту.

Аляксандар Мілінкевіч: Я ня маю прэтэнзій да польскага ўраду, толькі ўдзячны за тое, што Белсат існуе. Не хапае падтрымкі іншых краінаў. Усе нашыя спробы пакуль вынікаў не даюць, тады, як Белсат адыгрывае вялікую ролю ў беларускім грамадзтве. Асабліва ў малых гарадах ды вёсках. Колькасьць гледачоў павялічваецца. Зразумела, што тэлевізія — дарагая рэч, але нельга рабіць так, каб Белсат спыняўся. Апошняе прыпыненьне вяшчаньня выклікала непакой. Белсат — гэта ня толькі інфармацыя, але й псыхалягічны момант. Гэта вера ў тое, што мы будзем свабодныя ды незалежныя.

Дагэтуль галоўным фундатарам Белсату зьяўляецца польскае Міністэрства замежных спраў. Аднак за апошнія гады, у сувязі з палітыкай ашчаджэньня ў Польшчы, урад скарачаў фінансавую падтрымку тэлеканалу з 20 да 17 мільёнаў злотых. Беларускія грамадзкія дзеячы разьлічваюць, што тэлеканал атрымае падтрымку з ЭЗ.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны