Навіны Аналітыка

Эксперт: Рост цэнаў на паліва можа пагоршыць фінансавае становішча транспартнікаў

Эксперт: Рост цэнаў на паліва можа пагоршыць фінансавае становішча транспартнікаў

2711 Праглядаў Мінск
Канцэрн «Белнафтахім» у ноч на 16 студзеня абвясціў пра першы ў гэтым годзе павышэнні коштаў на аўтамабільнае паліва. Падаражанне склала ад 4% да 6,7%. Аднымі з першых рост цэнаў адчулі транспартнікі.

Для сферы грамадскага транспарту павелічэнне коштаў на паліва азначае сур'ёзныя фінансавыя праблемы.

Як распавяла для Naviny.by крыніца ў "Мінсктрансе", цяпер на прадпрыемстве вырашаецца пытанне, якія плацяжы можна перанесці на сакавік. Досвед паказвае, што аператыўна дадатковыя сродкі, якія павінны кампенсаваць розніцу ў кошце паліва, атрымаць не ўдасца.

Справа ў тым, што 64% выдаткаў на паліва для грамадскага транспарту Мінска аплачваецца з гарадскога бюджэту, а ўсе астатнія выдаткі пакрываюцца за кошт продажу квіткоў на праезд. За заробленыя на праязных дакументах сродкі таксама набываюцца запчасткі, інструменты, абсталяванне і гэтак далей. Цяпер нейкі час з бягучымі закупамі будзе складаней: "Давядзецца падціснуцца, нешта не купіць, нешта перанесці на позні перыяд".

Між тым "Мінсктрансу" прыходзіцца падціскацца фактычна ўсю зіму, асабліва ў перыяд снегападаў, калі з-за недастаткова добра ўбраных дарог істотна вырастае аб'ём выкарыстанага транспартам паліва – да 150 тон дызеля ў дзень замест 105 тон на нармальных дарогах. Розніцу бюджэт не кампенсуе, прадпрыемству даводзіцца пакрываць страты за ўласныя сродкі: "Нам ніхто не дадаваў за перарасход паліва".

Да падаражання за тону паліва "Мінсктранс" плаціў 9.109.920 рублёў, а цяпер 9.585.480 рублёў. Адпаведна, штодня за кожную тону "Мінсктранс" плаціць на 475 560 рублёў больш, чым раней. Штомесячныя выдаткі на паліва, такім чынам, павялічыліся больш чым на мільярд рублёў.

У "Мінсктрансе" кажуць, што для аздараўлення сітуацыі на транспарце трэба павялічваць тарыфы на праезд, сабекошт якіх ужо сёння ў два-тры разы больш, чым плаціць насельніцтва.

Аднак каб павысіць тарыфы, чыноўнікам адной структуры даводзіцца абіваць парогі кабінетаў чыноўнікаў іншых структур. І часцей за ўсё, беспаспяхова, бо пры прыняцці такіх рашэнняў ўлічваецца не толькі эканамічная мэтазгоднасць, але і грамадскія настроі, і становішча ў краіне ў цэлым.

У хуткім часе, асцерагаюцца транспартнікі, павысіць тарыфы наўрад ці ўдасца, бо нядаўна павялічыліся тарыфы на перавозкі чыгуначным транспартам ўнутры краіны. І гэта азначае, кажа наш суразмоўца, што адказныя ведамства пабаяцца росту напружанасці ў грамадстве.

У такіх умовах патэнцыял для паляпшэння сітуацыі ў сферы гарадскога транспарту рэальна абмежаваны, лічыць эканаміст Зміцер Бабіцкі.

"Калі тарыфы рэгулююцца дзяржавай, транспартнікі самі не могуць павялічыць кошты на квіткі. У выніку прадпрыемствы аказваюцца ў складанай сітуацыі, калі пры павышэнні коштаў на паліва не адбываецца індэксацыя тарыфаў. Такім чынам, пагаршаецца фінансавае становішча прадпрыемстваў і ўзнікаюць праблемы з ліквіднасцю", – адзначыў эксперт у каментары для Naviny.by.

Зміцер Бабіцкі нагадаў, што развіццё транспартнай галіны ў апошнія гады, калі паўсюдна закупляліся новыя аўтобусы і тралейбусы для гарадскіх перавозак, звязана з дзеяннем з 2001 па 2010 год транспартнага збору, сродкі ад якога наўпрост накіроўваліся на закупку тэхнікі беларускай вытворчасці.

Палажэннем аб зборы было прадугледжана, што сродкі ішлі на абнаўленне i аднаўленне гарадскога, прыгараднага пасажырскага транспарту, аўтобусаў міжгародных зносін. Вылічэнне і выплата транспартнага збору ажыццяўлялася ў памеры 1,5% ад прыбытку, які застаецца ў распараджэнні плацельшчыкаў.

Калі б не транспартны збор, лічыць эканаміст, сістэма гарадскога транспарту не атрымала б такога развіцця. Цяпер жа, калі збор адменены, магчымы і адкат сітуацыі: "Бо не сакрэт, што складанае фінансавае становішча зараз не толькі ў транспартнай сферы, але і ў іншых бюджэтных галінах. Можна чакаць доўгага перыяду стагнацыі, які працягнецца да наступнага паляпшэння фінансавай сітуацыі".

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны