Навіны Навіны Руху

«Гэта дэфармуе нацыянальную палітычную сістэму»

«Гэта дэфармуе нацыянальную палітычную сістэму»

2379 Праглядаў
Шэраг беларускіх палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў накіравалі 28 снежня заяву ў Цэнтрвыбаркам, прысвечаную магчымым карэктоўкам Выбарчага кодэксу. Яна прынята з нагоды паведамлення Беларускага тэлеграфнага агенцтва ад 6 снежня, што Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў распрацаваны прапановы па ўнясенні зменаў у Выбарчы кодэкс.

“Як вынікае з распаўсюджаных у сродках масавай інфармацыі каментароў сакратара Цэнтральнай камісіі М.І.Лазавіка, прапанаваныя змены істотным чынам закранаюць правы і інтарэсы беларускіх палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб’яднанняў, патэнцыйна змяняючы ўмовы выбарчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь”, - гаворыцца ў заяве, якую падпісалі Партыя БНФ, партыя “Справядлівы свет”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя "Зялёныя", кампанія “Гавары праўду”, Рух "За Свабоду".

Яны выступаюць за “неабходнасць усебаковага грамадскага абмеркавання тэксту выпрацаваных Цэнтральнай камісіяй прапановаў” і адзначаюць, што “у той жа час мэтазгоднасць некаторых з агучаных прапановаў выклікае сур’ёзныя сумневы”.

У прыватнасці, “патрабуе сур’ёзнага публічнага абмеркавання ў сродках масавай інфармацыі з удзелам шырокай грамадскасці прапанова аб наданні права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты рэспубліканскім грамадскім аб’яднанням з колькасцю сяброў не менш за 1000 чалавек".

Даводзіцца, што такая змена стварыла б няроўнасць сярод грамадскіх аб’яднанняў, якія паводле Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях” валодаюць аднолькавым статусам рэспубліканскага аб’яднання.

Прапанаваная змена, лічаць падпісанты заявы, “не стасуецца з духам беларускага заканадаўства, якое выдзяляе сярод грамадскіх аб’яднанняў палітычныя партыі як асобны від аб’яднаняў, якія згодна з артыкулам 1 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” садзейнічаюць выяўленню і выражэнню палітычнай волі грамадзянаў і ўдзельнічаюць у выбарах. Беларускае заканадаўства менавіта такім чынам пазначае спецыфіку палітычных партыяў як элементу палітычнай сістэмы краіны, аддзяляючы іх ад іншага кшталту грамадскіх аб’яднанняў, якім не ўласцівае выяўленне палітычнай волі”.

Апроч таго, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” накладае на дзейнасць партыяў сур’ёзныя абмежаванні: грамадзянін можа уваходзіць толькі ў адну палітычную партыю (частка 7 артыкула 13); забаронена фінансаванне палітычных партыяў з замежных крыніцаў, за кошт замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, а таксама за кошт прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі, забароненае фінансаванне партыяў за кошт рэспубліканскага альбо мясцовага бюджэту, за кошт дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацыяў (частка 3 артыкула 24); не дазваляецца стварэнне арганізацыйных структураў палітычных партыяў па іншым прынцыпе, апроч тэрытарыяльнага (частка 3 артыкула 12, частка 3 артыкула 10); партыя абавязаная мець арганізацыйныя структуры ў большасці абласцей і горадзе Мінску (частка 3 артыкула 10); у склад палітычных партыяў могуць уваходзіць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь якія дасягнулі ўзросту 18 год (частка 2 артыкула 13).

У той жа час па кожным з гэтых параметраў рэспубліканскія грамадскія аб’яднанні не маюць абмежаванняў і, адпаведна, маюць больш шырокія магчымасці: грамадзяне могуць уваходзіць у неабмежаваную колькасць грамадскіх аб’яднанняў; грамадскія аб’яднанні маюць права ва ўстаноўленым парадку атрымліваць ахвяраванні з-за мяжы (замежную бязвыплатную дапамогу, міжнародную тэхнічную дапамогу), у тым ліку ад замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства; грамадскія аб’яднанні маюць права атрымліваць ва ўстаноўленым парадку фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту (напрыклад на падставе артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай падтрымцы маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў у Рэспубліцы Беларусь” ці ў межах устаноўленага новай рэдакцыяй Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльным абслугоўванні” дзяржаўнай сацыяльнай замовы ў вобласці сацыяльнага абслугоўвання) ці ад дзяржаўных арганізацыяў (на падставе Указа №300 ад 1 ліпеня 2005 года “Аб прадстаўленні і выкарыстанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі”); грамадскія аб’яднанні могуць не мець арганізацыйных структур згодна са сваім статутам, не абавязаныя мець арганізацыйныя структуры ў большасці абласцей і горадзе Мінску; у склад рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў могуць уваходзіць замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, а таксама асобы што не валодаюць выбарчым правам, непаўнагадовыя і дзеці (артыкул 11 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”).

Выснова: “Супастаўленне гэтых параметраў прававога статуса партыяў і грамадскіх аб’яднанняў як розных арганізацыйна-прававых формаў дазваляе казаць пра тое, што ўмовы дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў дадуць ім істотную перавагу ў параўнанні з палітычнымі партыямі ў справе выяўлення волі грамадзянаў на выбарах, калі прапановы Цэнтральнай камісіі будуць рэалізаваныя ў законе. Гэта прывядзе да размывання статусу палітычных партыяў і далей дэфармуе нацыянальную палітычную сістэму (у тым ліку праз простае і ўскоснае далучэнне да справы вылучэння кандыдатаў асобаў, што не валодаюць грамадзянствам Беларусі)”.

Адзначаецца таксама, што патрабуе сур’ёзнага аналізу і папярэдняга абмеркавання на аснове міжнародных стандартаў і з удзелам грамадскасці і палітычных партыяў пытанне рэфармавання фінансавых умоваў перадвыбарчай агітацыі:

“Выклікае заклапочанасць агучаная Цэнтральнай камісіяй прапанова аб адмове ад дзяржаўнага фінансавання выдаткаў на перадвыбарчую агітацыю і перавод яе цалкам на забеспячэнне за кошт перадвыбарчых фондаў. Варта адзначыць, што падчас мінулых выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу правам на стварэнне прыватных выбарчых фондаў скарысталася менш за траціну кандыдатаў. Пры наяўнасці забароны на дзяржаўнае фінансаванне палітычных партыяў рэалізацыя прапановы аб адмове ад дзяржаўнага фінансавання прывядзе да пераўтварэння выбарчага працэсу ў спаборніцтва прыватнага капіталу, што не будзе спрыяць дэмакратычнасці і справядлівасці выбарчага працэсу.

Рэфармаванне парадку фінансавання перадвыбарчай агітацыі без адпаведнага пашырэння магчымасцяў палітычных партыяў, у тым ліку ў частцы доступу да дзяржаўнага фінансавання, нанясе істотную шкоду пазіцыям партыяў як паўнавартасных удзельнікаў выбарчага працэсу”.

Не пагаджаецца апазіцыя і з агучанай пры асвятленні прапановаў Цэнтральнай камісіі ідэяй “выключыць агітацыю за няўдзел у выбарах з катэгорыі перадвыбарчай агітацыі”.

Апазіцыя распрацоўвае цяпер супольны законапраект дапаўненняў і зменаў у Выбарчы кодэкс.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны