Навіны Навіны Руху

Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ. «Майбах» і перамены

Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ. «Майбах» і перамены

3341 прагляд
Ці заўважылі, які гіперактыўны апошнія тыдні той, хто займае найвышэйшую пасаду ў краіне? Нарады, паездкі, інтэрв’ю... Нібыта цяпер не паслявыбарны час, а выбары на носе.

І мы бачым-чуем стандартны перадвыбарчы рытарычны набор – тут і чахвошчанне чыноўнікаў, і папулісцкая адкрутка забароны продажу “чарнілаў”.

Патлумачыць усё гэта можна тым, што рэйтынг кіраўніка краіны працягвае трымацца на нізкім 25-адсоткавым узроўні. Робіцца спроба не ўпусціць яго долу далей. Бо сацыяльна-эканамічны крызіс у Беларусі працягваецца.

Чарговае дацягванне сярэдняга заробку да 500 долараў не прывяло да росту пакупніцкай здольнасці насельніцтва, бо кошты не стаяць на месцы. Існуе рызыка новага вітку дэвальвацыі.

Пры гэтым грамадству дэманструецца, што апошні дыктатар Еўропы, які і сам сябе так называе, не збіраецца здымаць “яжовыя рукавіцы”. Адна з дамінуючых тэмаў апошняга часу – сітуацыя ў сілавых структурах.

Ілюстрацыяй таго, на чым трымаецца сённяшняя ўлада, стала размеркаванне бюджэту-2013.

На першым месцы – праваахоўная дзейнасць, бяспека і суды – 10,5 трыльёна рублёў. Плюс 6,1 трыльёна (шостая пазіцыя) – на нацыянальную абарону.

Ну і красамоўны другі радок у бюджэтных выдатках на наступны год. 8,3 трыльёна рублёў – абслугоўванне дзяржаўнага доўга краіны! Столькі ж пойдзе на сацыяльную палітыку. Гэта вердыкт эканамічнай палітыцы ўладаў, якая не можа існаваць без вонкавых крэдытных і энергетычных ін’екцый, без продажу нацыянальнага багацця.

Прадаваць жа трэба не “Беларуськалій”, а прэзідэнцкі “Майбах”! Народ выдатна ўсё разумее і робіць высновы сам. І кукіш у бок гэтага самага “Майбаха” і тэлеэкрана, адкуль распавядаецца пра моц і росквіт, ён скручвае сам. Задача апазіцыі – не паўтарыць сто тысяч разоў “Далоў дыктатуру!”, а зрабіць так, каб за маўклівым пратэстам адбыўся выбар перамен, выбар альтэрнатывы.

Гэта значыць, трэба прэзентаваць зразумелую праграму рэформаў. Разам, не перакрыкваючы адзін аднаго, бо тады народ не пачуе і не паверыць. //Naviny.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны