Навіны Аналітыка

Улады разумеюць мадэрнізацыю выключна «тэхнічна»

Улады разумеюць мадэрнізацыю выключна «тэхнічна»

2900 Праглядаў Мінск
Зацверджаная ў сярэдзіне гэтага года «Праграма развіцця прамысловага комплексу Беларусі да 2020 года» прадугледжвае мадэрнізацыю і развіццё прамысловасці з арыентацыяй на стварэнне экспартаарыентаванай і імпартазамяшчальнай эканомікі.

Аднак неабходнасць прыцягваць значныя фінансавыя сродкі для выканання праграмы ставіць пад пытанне паспяховасць яе рэалізацыі, піша аналітык BISS для БелаПАН.

Адначасова з гэтым прыняцце такога маштабнага і дарагога праекта мадэрнізацыі беларускай прамысловасці разам з нязменнай рыторыкай першых асоб дзяржавы кажа аб ўстойлівым нежаданні нават у посткрызісны год адысці ад разумення эканамічнай мадэрнізацыі як тэхнічнага перааснашчэння да ўсведамлення неабходнасці структурных рэформаў і змены эканамічных "правілаў гульні".

Улады разумеюць мадэрнізацыю вузка

Тэзіс пра тое, што беларускія ўлады пад эканамічнай мадэрнізацыяй у першую чаргу маюць на ўвазе тэхнічнае перааснашчэнне прамысловых прадпрыемстваў, ужо даўно не з'яўляецца новым. Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе тэма мадэрнізацыі падымаецца першымі асобамі дзяржавы як ніколі часта, рыторыка адносна зместу самога паняцця не змянілася.

Так, Аляксандр Лукашэнка, заслухаўшы 11 верасеня даклад урада і Нацыянальнага банка аб рабоце эканомікі ў бягучым годзе, даў даручэнне "да канца года завяршыць усе арганізацыйныя работы па комплекснай мадэрнізацыі дзяржаўных прадпрыемстваў" з выхадам "на выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі, арыентаванай перш за ўсё на імпартазамяшчэнне і экспарт".

На пасяджэнні прэзідыума Саўміна 23 кастрычніка прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч вызначыў эканамічную мадэрнізацыю як "прыярытэт для Беларусі", пазначыўшы, што "без развіцця не можа быць новай прадукцыі, без новай прадукцыі не можа быць экспарту. Таму пытанні дэталёвай працы з кожным прадпрыемствам сёння выведзеныя у якасці асноўных у дзейнасці ўрада".

У сваю чаргу, міністр эканомікі Мікалай Снапкоў вызначае мадэрнізацыю эканомікі як "змяненне ўмоў, змена правілаў гульні, якія дзяржава ўстанаўлівае для стымулявання развіцця".

Такая пазіцыя магла б кантраставаць з пазіцыяй прэм'ер-міністра і кіраўніка дзяржавы ў тым, што ў трактоўку мадэрнізацыі яна патэнцыйна закладвае "поле для манеўру" ў галіне структурных рэформаў эканомікі. Аднак практычна адразу Снапкоў удакладняе, што "ўсе апошнія рашэнні, прынятыя прэзідэнтам, з'яўляюцца фактычна інавацыйнымі, таму што змяняюць умовы стымулявання з боку дзяржавы развіцця, у аснове якога з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці прадпрыемства на базе конкурснасці, прыярытэтных галін і на базе дасягнення вынікаў".

Іншымі словамі, 2012 год, які ўслед за эканамічным крызісам 2011 мог бы стаць пераломным у пераасэнсавання эканамічнай мадэрнізацыі як структурнай змены "правілаў гульні" для эканамічных агентаў, ідэйна не дадаў нічога новага ў мадэрнізацыйныя планы беларускіх уладаў.

Праграма амбіцыйная, але падмурак хісткі

У бягучым годзе "тэхнічнае" разуменне мадэрнізацыі прынесла пэўны плён: як адзначалася вышэй, пастановай Саўміна ад 5 ліпеня была прынятая "Праграма развіцця прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года". Яна распрацавана Міністэрствам эканомікі і прадугледжвае змяненне сістэмы кіравання дзяржпрадпрыемствамі шляхам стварэння холдынгаў, а таксама маштабны план пабудовы новых прадпрыемстваў і вытворчых ліній.

Імкненне нарасціць аб'ёмы высакаякаснага экспарту ва ўмовах зноў абрынутага пасля прыкрыцця "разбаўляльнага бізнесу" сальда гандлю цалкам рацыянальна. Аднак аналіз фінансавых умоў выканання праграмы выклікае хутчэй сумнеў, чым упэўненасць у яе перспектывах.

"Праграма развіцця прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года" прадугледжвае два асноўных напрамкі дзеянняў. Па-першае, мадэрнізацыю з павелічэннем прадукцыйнасці працы для існуючых вытворчасцей і забеспячэнне ўзроўню прадукцыйнасці працы не ніжэй, чым у развітых краінах, для новых прадпрыемстваў. Па-другое, рэфармаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання прамысловасцю шляхам фарміравання холдынгаў.

Поўная рэалізацыя праграмы запатрабуе фінансавых укладанняў у памеры ад 83 да 90 млрд. даляраў ЗША, у тым ліку 30 млрд. долараў мяркуецца прыцягнуць у выглядзе замежных інвестыцый. Пры гэтым толькі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, падведамных Міністэрству прамысловасці, неабходна 3,1 млрд. даляраў.

Дзяржаўныя холдынгі мяркуецца стварыць на аснове комплексу з некалькіх дзесяткаў найбуйнейшых прадпрыемстваў, сярод якіх БелАЗ, "Амкадор", канцэрн "Беллегпрам", Аршанскі льнокамбінат. Таксама мяркуецца стварэнне рэгіянальных кластараў галін прамысловасці з прывязкай да найбуйнейшых прадпрыемстваў. Усяго праграмай маецца на ўвазе ажыццяўленне 219 інвестыцыйных праектаў, у кожным з якіх удзельнічае адно ці некалькі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Прыярытэты праграмы аддадзены развіццю і мадэрнізацыі прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці, а таксама развіццю і стварэнню новых інавацыйных напрамкаў і вытворчасцей. Разгляд мэтаў і задач праграмы, а таксама кірункаў дзейнасці і крыніц яе фінансавання выклікае шэраг пытанняў, сама наяўнасць якіх у беларускіх умовах дае сур'ёзныя падставы сумнявацца ў рэалістычнасці яе выканання.

Адшукаць такія сродкі праблематычна

У першую чаргу, праграма мае на ўвазе неабходнасць прыцягнуць сур'ёзнае фінансаванне на працягу вельмі кароткага тэрміну – 8 гадоў, калі прымаць перыяд з 2013 па 2020 гады. Амаль палова кошту праграмы (дакладней – 41,1%) павінна фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту і ўласных сродкаў прадпрыемстваў, пры тым што рэальная магчымасць прыцягнення такіх сродкаў далёка не відавочная (адна толькі бюджэтная частка фінансавання запатрабуе мінімум 3,7 млрд. даляраў).

Вельмі сумнеўнай з'яўляецца і магчымасць прыцягнуць 34,4% сродкаў, неабходных на фінансаванне праграмы, праз замежнае інвеставанне. Праблемай застаецца неспрыяльны інвестыцыйны клімат у Беларусі, які ў 2012 годзе, паводле справаздачы Doing Business, пагоршыўся. Патэнцыйным інвестарам наўрад ці дададуць аптымізму і апошнія падзеі з фактычнай нацыяналізацыі прадпрыемстваў кандытарскай прамысловасці.

Акрамя таго, пабудова адначасова і экспартаарыентаванай, і імпартазамяшчальнай эканомікі, пра што казаў Міхаіл Мясніковіч, уяўляе сабой квазікітайскую эканамічную мадэль. Яе стварэнне ў цяперашняй сітуацыі моцна абцяжарана і ў васьмігадовай перспектыве наўрад ці дасць адчувальную аддачу.

Уважлівы разгляд спісу праектаў праграмы паказвае, што ўласна мадэрнізацыйных праектаў не так шмат: большасць праектаў мае на ўвазе альбо пабудову новых прадпрыемстваў, альбо арганізацыю на базе ўжо існуючых новых вытворчых кірункаў.

Пры гэтым мадэрнізацыя і пераабсталяванне маларэнтабельных прадпрыемстваў амаль не разглядаюцца. Да таго ж стварэнне новых прадпрыемстваў (у асаблівасці цяжкай прамысловасці) ва ўмовах высокай залежнасці Беларусі ад знешніх паставак энергарэсурсаў дадаткова абвострыць праблему энергетычнай бяспекі краіны.

Залазіць у новыя пазыкі?

24,4% фінансавання праграмы развіцця прамысловасці мяркуецца ажыццявіць за кошт крэдытных сродкаў, таму важна даць хаця б прыблізную ацэнку перспектывам ажыццяўлення праграмы за кошт сумесных праектаў з міжнароднымі арганізацыямі.

Дык вось, праекты міжнародных арганізацый, якія ўключаюць у сябе тэхнічную мадэрнізацыю, звычайна накіраваны на прадпрыемствы неэканамічнага дзейнасці, перш за ўсё гэта экалагічныя праекты і праекты павышэння энергаэфектыўнасці.

Іншымі словамі, міжнародныя арганізацыі схільныя вылучаць грошы ў першую чаргу на тэхнічную дапамогу, якая так ці інакш валодае сацыяльнай значнасцю. Выключэннем тут з'яўляюцца праекты Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, аднак яны маюць на ўвазе не прамое фінансаванне мадэрнізацыі прадпрыемстваў, а вылучэнне пазык на перааснашчэнне, пераабсталяванне і павышэнне энергаэфектыўнасці.

Акрамя таго, 20 млрд. даляраў, якія складаюць крэдытную частку фінансавання праграмы развіцця, значна перавышаюць аб'ёмы сродкаў, што звычайна выдзяляюцца міжнароднымі арганізацыямі на падобныя праекты (да прыкладу, кошт самога буйнога праекта Сусветнага банка ў Беларусі – 200 млн. даляраў). Відавочна, што для прыцягнення знешніх пазык ў такім значным памеры Беларусі ў чарговы раз прыйдзецца ўлезці ў даўгі.

Зачараванае кола

Нягледзячы на частыя заявы беларускіх уладаў аб неабходнасці правядзення мадэрнізацыі, разуменне імі самога гэтага тэрміна застаецца няпоўным: яны па-ранейшаму разумеюць яе як тэхнічнае абнаўленне вытворчасцей без структурных змяненняў эканомікі ў цэлым.

Выключна "тэхнічнае" разуменне мадэрнізацыі, якое замест структурных змяненняў эканомікі выводзіць на парадак дня праблему перааснашчэння прадпрыемстваў (на гэты раз – у выглядзе вельмі амбіцыйнай дзяржпраграмы) у сярэднетэрміновай перспектыве зноў ставіць перад Беларуссю пытанне: дзе ўзяць грошы?

Аляксандр Аўтушка-Сікорскі, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) - для БелаПАН

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны