Навіны Навіны Руху

Юрась Губарэвіч: Абранне адзінага кандыдата магчыма перад мясцовымі выбарамі 2014 года

Юрась Губарэвіч: Абранне адзінага кандыдата магчыма перад мясцовымі выбарамі 2014 года

4095 Праглядаў Талін
Намеснік старшыні «Руху за Свабоду» Юрась Губарэвіч, сябра Сойму Партыі БНФ Юры Чавусаў, а таксама Алесь Міхалевіч, Алесь Зарэмбюк, Вольга Абрамава ды іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці выступілі экспертамі на V Кангрэсе новай беларускай дыяспары, што адбыўся на мінулым тыдні ў Таліне.

Як паведамляе Радыё Свабода, Выступ Алеся Міхалевіча тычыўся бягучай сітуацыі ў Беларусі:

«Адна з галоўных цяпер праблемаў — масавая эміграцыя, асабліва ў Расею, хаця там падлік беларусаў не вядзецца. Шмат беларусаў з’ехалі ў Кіеў. <...> Узгадайце, усе прагназавалі масавую прыватызацыю. Але стала відавочна, Лукашэнка не збіраецца дзяліцца ані ўладай, ані маёмасцю».

Юрась Губарэвіч пачаў і скончыў выступ прагнозам, што 2013 год наўрад ці прынясе нейкія зрухі.

«Грамадства будзе занятае вырашэннем сваіх уласных, у тым ліку фінансавых праблемаў. Палітычная актывізацыя будзе невялікая, тым больш калі апазіцыя не выступіць кансалідавана. Напярэдадні мясцовых выбараў 2014 году магчыма абранне адзінага кандыдата».

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава задала пытанне Юрасю Губарэвічу пра раскол апазіцыі на «радыкальную» і «ўмераную»:

«Ваш альянс „Руху за Свабоду“, „Гавары Праўду“ і БНФ, на мой погляд, вельмі перспектыўны. Ці мадэлявалі вы адносіны з другім лагерам, з радыкаламі? Таксама, на мой погляд, Мацкевіч [Уладзімір] бліжэйшы да вашай групы. Якія з ім адносіны?»

Юрась Губарэвіч адказаў, што падзел на «радыкальных» і «ўмераных» умоўны:

«Усе радыкалы ўжо з’ехалі з Беларусі. Іх радыкалізм — у рыторыцы і непрымірымай пазіцыі. На маю думку, пазіцыя іх — утапічная, яна толькі кансервуе сітуацыю, наменклатура для сябе ня бачыць ніякіх перспектыў. <...> Што да Мацкевіча, да гэтага ён быў крытыкам апазіцыі. Паглядзім, ці зможа ён уліцца ў палітычныя працэсы».

Пасля плянарных паседжанняў адбыліся дыскусіі ў працоўных групах. Частка абмяркоўвала магчымасці працы беларускіх прадстаўніцтваў за мяжой. Адзін з удзельнікаў групы Алесь Зарэмбюк адзначыў:

«Беларускія прадстаўніцтвы за мяжой павінны знайсці паміж сабой агульную мову, а працаваць найперш трэба з арганізацыямі ў Беларусі».

На кангрэсе таксама была абмеркавана ідэя правядзення інтэрнэт-праймерызу, як спосабу працы дэмакратычнай супольнасці з насельніцтвам. Удзельнікі гэтай групы ў цэлым пагадзіліся, што сярод іншага, інтэрнэт-праймерыз можа быць выкарыстаны для вызначэння адзінага кандыдата на выбарах 2015 году альбо для выбараў легітымнага органу апазіцыі і/альбо грамадзянскай супольнасці Беларусі. Эксперты з Расеі распавялі, як ім нядаўна пры дапамозе сеціва ўдалося правесці выбары ў каардынацыйную раду расейскай апазіцыі.

Удзельнікі Кангрэсу выказаліся за ідэю адмены альбо змяншэння кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў. Між іншага, прагучала ідэя правесці кампанію за пашырэнне колькаснага складу супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі, што спросціць і паскорыць працэдуру атрымання візаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны