Навіны Навіны Беларусі

Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію Кэлі і перадаў яе праваабаронцам

Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію Кэлі і перадаў яе праваабаронцам

2598 Праглядаў Мінск
Узнагароду ўручылі Наталлі Пінчук, жонцы зняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна».

Як нагадвае Радыё Свабода, раней Алесь Бяляцкі адмовіўся ад грашовага складніка прэміі — 10 000 еўра. Ён папрасіў накіраваць гэтыя грошы на падтрымку праваабарончай дзейнасці ў Беларусі. Цырымонія адбылася ў Берліне.

Фундацыя імя Генрыха Бёля ўзнагародзіла віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, праваабаронцу, палітвязня Алеся Бяляцкага прэміяй Пэтры Кэлі ў ліпені.

Прэмія Пэтры Кэлі прысуджаецца з 1998 г. асобам ці групам асобаў за актыўны ўдзел у барацьбе за захаванне правоў чалавека, негвалтоўнае вырашэнне канфліктаў і абарону навакольнага асяродззя. Прэмія была заснаваная ў памяць вядомай палітычнай дзяячкі Пэтры Кэлі (1947–1992), якая брала ўдзел у стварэнні Партыі зялёных у Нямеччыне.

Нагадаем, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе 2011 г. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на яго рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Мінску Літва і Польшча.

Краіны ЕС, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны