Навіны Беларусь і Свет

Еўрасаюз пачынае другі этап перамоваў з Беларуссю

Еўрасаюз пачынае другі этап перамоваў з Беларуссю

2848 Праглядаў Мінск
Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора заявіла, што «чакаецца другі раўнд тэхнічнага дыялога паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, які адбудзецца на наступным тыдні ў Бруселі».

Заява была зроблена ў Мінску падчас міжнароднай экспертнай канферэнцыі "Беларусь на скрыжаванні інтэграцыі: адносіны з ЕС у сітуацыі фармавання Еўразійскага саюза", піша "Народная Воля".

Пры гэтым еўрапейскі дыпламат адзначыла, што перамовы ідуць складана: "Адносіны Беларусі і ЕС калісьці былі ў значна лепшай форме, чым цяпер".

Па словах Майры Моры, галоўнае патрабаванне Еўрасаюза – "вызваленне і аднаўленне ў правах палітычных зняволеных".

Палітолаг Андрэй Фёдараў не думае, што афіцыйны Мінск гатовы да сур'ёзных зменаў у сваёй унутранай палітыцы:

"Перспектывы беларуска-еўрапейскіх стасункаў я б не назваў добрымі, таму што цяжка ўявіць, што беларускія ўлады пойдуць на нейкія сур'ёзныя змены ў сваёй унутранай палітыцы. Хоць, магчыма, на нейкіх умовах і дамовяцца аб вызваленні палітвязняў. Тым больш, што цяпер назіраецца сітуацыя, калі Расія пачынае ўзмацняць свой эканамічны ціск з палітычным адценнем".

Прадстаўнік Еўрасаюза таксама паведаміла, што беларускія ўлады самі абмяжоўваюць кантакты з Еўрасаюзам. Майра Мора нагадала аб праграме Еўрасаюза "Еўрапейскім дыялогу мадэрнізацыі для Беларусі", ад удзелу у якой адмовіліся беларускія чыноўнікі.

Нагадаем, што раней у гэтым годзе, 2 сакавіка, на саміце ў Бруселі лідары краін Еўрасаюза заклікалі Раду ЕС прыняць далейшыя меры ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта паведаміла Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах Кэтрын Эштан. Прэс-сакратар заявіла, што лідары Еўрасаюза выказваюць занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі. "Яны вітаюць рашэнне Савета ЕС пашырыць спіс асобаў, адказных за рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх грамадзян і апазіцыі, а таксама за парушэнні асноўных правоў чалавека", – адзначыла Качыянчыч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны