Навіны Навіны Руху

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў хоча адпомсціць свайму канкурэнту на выбарах?

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў хоча адпомсціць свайму канкурэнту на выбарах?

2771 прагляд Брэст
Брэсцкі цэнтральны ўнівермаг падаў пазоў аб абароне дзелавой рэпутацыі супраць экс-кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага склікання па Брэсцкай-Заходняй акрузе № 1 Аляксандра Мельніка.

Праз месяц пасля выбараў кіраўніцтва ўнівермага патрабуе выбачэнняў за фразу «Паглядзіце на ЦУМ — ён стаў музеем адных з самых высокіх коштаў» на агітацыйным плакаце незалежнага кандыдата.

Як паведамляе Брэсцкая газета, трохлітарную абрэвіятуру ЦУМ у ААТ «Брэсцкі цэнтральны ўнівермаг» прынялі менавіта на свой рахунак.

«Распаўсюджванне падобнай інфармацыі ганіць дзелавую рэпутацыю арганізацыі», — гаворыцца ў іскавай заяве ад 22 кастрычніка. Юрысты прадпрыемства звязваюць з’яўленне гэтай фразы з удзелам свайго кіраўніка, гендырэктара ААТ «Брэсцкі цэнтральны ўнівермаг», а зараз дэпутата Палаты прадстаўнікоў Віктара Валюшыцкага ў выбарчай кампаніі. Але яны лічаць, што ў тэксце плаката гаворка ідзе не пра гендырэктара, ягоную перадвыбарную праграму або яго палітычныя, дзелавыя і асабістыя якасці, як гэта прадугледжвае Выбарчы кодэкс, а «закранаюцца інтарэсы ўсяго ААТ „Брэсцкі цэнтральны ўнівермаг“, у якім працуюць 650 чалавек» .

На пытанне карэспандэнта «БГ», чаму пазоў быў пададзены праз месяц пасля заканчэння парламенцкіх выбараў, а не ў момант з’яўлення плакатаў, і. а. гендырэктара ўнівермага Таццяна Клюка адказала лаканічна: «Усё было зроблена своечасова».

Экс-кандыдат у дэпутаты Аляксандр Мельнік лічыць прэтэнзіі неабгрунтаванымі.

«Па-першае, што такое ЦУМ? Хто вырашыў, што гаворка ідзе менавіта пра Брэсцкі цэнтральны ўнівермаг? Можа, гэта наогул Цэнтр кіравання мандатамі. Па-другое, у падобным пазове я разглядаю выключна жаданне адпомсціць майго апанента па акрузе № 1 Віктара Валюшыцкага» , — лічыць Мельнік.

Ён адзначае, што падчас сваёй агітацыйнай кампаніі праявіў максімум такту і стараўся не закрануць рэпутацыю прадпрыемства, хоць падстаў, па яго словах, хапала:

«Ні слова не было на маім плакаце аб калектыўных зваротах супрацоўнікаў гэтай арганізацыі, размешчаных на рэгіянальных навінных інтэрнэт-рэсурсах летам. Хоць там былі канкрэтныя скаргі і на памер заработнай платы, і на ўмовы працы на складах. Але я вырашыў, што згадванне на плакаце будзе некарэктным ходам з майго боку».

Адказчык ужо азнаёміўся з прыкладзенымі да пазову параўнальнымі табліцамі коштаў на некаторыя тавары ў Брэсцкім цэнтральным універмагу і шэрагу іншых гандлёвых цэнтраў Брэста.

«Прадстаўленыя крамай параўнальныя табліцы ні пра што не гавораць. Хто падбіраў тавары для параўнання? Чаму абраныя менавіта гэтыя тавары: ровар „Зубраня 3Е“, лялька „Валодзя-2“, гомельскае мыла, парашок Бонус і гэтак далей? Я маю намер сам прайсціся па крамах і скласці свае параўнальныя табліцы. Пра тое, што ў Брэсцкім цэнтральным універмагу кошты вышэй, чым у іншых крамах, я чуў ад сваіх выбаршчыкаў і проста берасцейцаў і гасцей горада не адзін раз», — кажа экс-кандыдат.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны