Навіны Навіны Руху

Актывісты адзначылі Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій

Актывісты адзначылі Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій

3122 праглядаў Мінск
29 кастрычніка прадстаўнікі Руху «За Свабоду», руху «Разам», групы «За Волю», таварыства «Мемарыял» адведалі ў Мінску і ваколіцах месцы, дзе знаходзяцца пахаванні ахвяраў таталітарных рэжымаў.

Удзельнікі жалобнай імпрэзы ўшанавалі памяць тых, хто падчас крывавага тэрору быў забіты і пахаваны ў Кальварыі, Лошыцкім яры, Курапатах, Трасцянцы, парку Чалюскінцаў.

Актывісты на месцы пахаванняў усклалі кветкі і запалілі знічы. Над брацкімі магіламі рэпрэсаваных гучаў спеў на верш Наталлі Арсеньевай «Магутны Божа», луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Святар беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы адслужыў малебны.

У кожнага месца пахавання свая адметная і жахлівая гісторыя. Напрыклад, у Кальварыю для пахавання прывозілі забітых у засценках НКУС. Гэта рабілася ноччу. Каб замясці сляды, каты паклапаціліся, каб ахоўнікі Кальварыйскіх могілак — сведкі злачынства — не затрымаліся на гэтым свеце.

У Лошыцкім яры не толькі хавалі, але і расстрэльвалі. Паблізу месцілася школа НКУС, у якой каты ўдасканальвалі сваё майстэрства забіваць. Тут па прыблізных ацэнках пахавана 20-30 тысяч чалавек.

Трасцянец стаў месцам, зямля якога палітая крывёй ахвяраў фашысцкага і бальшавісцкага рэжымаў. Тут было забіта 65 тысяч «ворагаў» Трэцяга Рэйха і блізу 30 тысяч савецкіх грамадзян. Побач з гэтымі пахаваннямі знаходзіцца месца, дзе былі забітыя некалькі тысяч зняволеных савецкіх турмаў, калі ў 1941 годзе на Мінск наступалі немцы.

Калі напрыканцы 1980-х стала вядомая праўда пра Курапаты, яны сталі знакавым месцам для беларусаў. Па розных ацэнках там пахаваныя ад 30 да 100 тысяч ахвяраў камуністычнага тэрору, пераважна беларусаў. Але сярод расстраляных цалкам верагодна маглі быць і польскія афіцэры.

Сёння ў Курапатах закладзены фундамент, на які неўзабаве будзе ўсталяваны памятны камень у гонар забітых палякаў.

Наведнікі ўрочышча зачыталі частку прозвішчаў пахаваных тут людзей. Сярод іх як простыя рабочыя і сяляне, так і прадстаўнікі інтэлігенцыі, чыноўнікі. Крывавы молах не абмінаў нікога.

З ініцыятывы грамадскасці Дзень памяці ахвяраў палітычных рэспрэсій, 29 кастрычніка ў Беларусі адзначаюць ужо пяты год. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Беларусі было праведзена адначасовае масавае знішчэнне беларускай эліты. Толькі ў Мінскай турме НКВД энкавэдысты расстралялі больш за 100 чалавек. Сярод забітых былі дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, навукоўцы, літаратары, работнікі асветы. Вынішчалі эліту беларускай нацыі. У 1937-м за тры восеньскія месяцы палачамі таталітарнага рэжыму было рэпрэсавана больш за 500 грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі. Фактычна, адбываўся генацыд беларускага народа, наступствы якога адчуваюцца дагэтуль.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны