Навіны Навіны Руху

Ліст актывіста Міколу Статкевічу не прайшоў цэнзуру

Ліст актывіста Міколу Статкевічу не прайшоў цэнзуру

2875 Праглядаў Гарадок
Леанід Гаравы атрымаў чарговыя паштоўкі ад былога кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 году Міколы Статкевіча і ад Міколы Аўтуховіча, якія зараз знаходзяцца адпаведна ў магілёўскай і гродзенскай турмах.

Гарадоцкі актывіст Руху "За Свабоду" Леанід Гаравы амаль штомесячна накіроўвае лісты да палітычных вязняў, якія знаходзяцца ў месцах зняволення па палітычных матывах, паведамляе haradok.info З большага лісты даходзяць да палітычных вязняў. Выключэнне складае карэспандэнцыя былога кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча.

На пачатку кастрычніка актывіст накіраваў лісты да Міколы Статкевіча, Зміцера Дашкевіча, Алеся Бяляцкага, Міколы Аўтуховіча і іншых палітвязняў. Першым адказаў Мікола Аўтуховіч з гарадзенскай турмы. Спадар Аўтуховіч паведаміў, што зусім не думаў, што сваё пяцідзесяцігоддзе, якое будзе перад новым годам, давядзецца сустракаць у турме: "У нас у краіне ніхто нічога не можа ведаць і гарантаваць. Адбыцца можа ўсё нават тое аб чым ніколі не думаў. Гэта вось самае кепскае. Калі няма стабільнасці, няма ўпэўненасці, няма ніякай логікі."

Мікола Статкевіч жа даслаў паштоўку аб тым, што ў чарговы раз раз атрымаў пусты канверт ад заказнога ліста з ужо традыцыйнай пазнакай "Письмо не прошло цензуру". Між тым лісты з падобным зместам атрымліваюць іншыя палітычныя вязні. Гэта на думку Леаніда Гаравога з’яўляецца сваеасаблівай формай катавання экс-кандыдата ў прэзідэнты, які патрабаваў, каб народу былі вернуты сапраўдныя выбары.

Але і за гэту спробу ліставання Статкевіч выказаў падзяку. Таксама экс-кандыдат у прэзідэнты павіншаваў з Сусветным днём плюшавых мядзьведзікаў, што святкуецца 27 кастрычніка. Дарэчы, Сусветны дзень плюшавага мішкі адзначаюць з 2002 года. Сёлета цацка будзе святкаваць, вы не паверыце, 110 гадоў з моманту свайго ўзнікнення.

Брутальныя дзеянні рэжыму ў адносінах да патрыёта Міколы Статкевіча патрабуюць большых салідарных дзеянняў усіх свядомых грамадзян краіны. Неабходна больш і часцей дасылаць лісты з заказным уведамленнем Міколе Статкевічу і іншым палітычным вязням, лічыць Леанід Гаравы.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны