Навіны Аналітыка

Інтэрнэт-выбары лідара дэмсілаў

Інтэрнэт-выбары лідара дэмсілаў

3932 праглядаў Мінск
У Расіі апазіцыя правяла інтэрнэт-выбары лідараў. Ці варта беларускай апазіцыі скарыстацца падобнай працэдурай? Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці выказваюць свае меркаванні.

У Расіі ў выбарах лідараў апазіцыі ўзяла ўдзел 81 тысяча чалавек. Для гэтага была наладжана працэдура рэгістрацыі і верыфікацыі выбарцаў. Людзі рэгістраваліся па пашпартах або дасылалі праз інтэрнэт копіі пашпартоў, кожнаму чалавеку прысвойваўся электронны код, па якім ён мог прагаласаваць толькі аднойчы. Наша Ніва запыталася ў актывістаў, ці прымальны гэты варыянт для Беларусі.

Андрэй Пачобут, журналіст, актывіст польскай нацменшасці:

Ноу-хау, якія выкарыстоўвае апазіцыя ў адной аўтарытарнай краіне, часта бярэцца на ўзбраенне падобнымі рухамі ў іншых краінах. Думаю, варта ўважліва прыгледзецца да расійскага спосабу. Патрэбна толькі спалучэнне асабістай прыстойнасці з ведамі сучасных тэхналогій у патэнцыйных арганізатараў такога працэсу. Але варта памятаць, што вядомасць і папулярнасць у інтэрнэце не заўсёды азначаюць уплывовасці ў рэале.

Віталь Амяльковіч, грамадскі актывіст, Слуцк:

Ідэя добрая, але, баюся, рэжым выкарыстае тэхнічныя сродкі, каб сарваць такія выбары: будуць атакі на інтэрнэт-рэсурсы, укід кампрамату на прэтэндэнтаў і чальцоў таго ж ЦВК, банальныя затрыманні напярэдадні нейкіх значных выступаў ці акцыяў.

Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні Руху за Свабоду:

Думаю, варта прыдумаць нешта новае — тое, што дазволіць трансфармаваць інтэрнэт-галасы ў рэальную працу каманды і рост колькасці сяброў апазіцыйных арганізацый. Інакш і без таго ізаляваная ад грамадства апазіцыя рызыкуе назаўжды застацца ў віртуальнай прасторы.

Аляксандр Фядута, каардынатар кампаніі «Гавары праўду»:

Расія — краіна вялікая, і іншай магчымасці, як галасаванне праз інтэрнэт, амаль што няма. З майго пункта гледжання, абіраць будучага кандыдата ў прэзідэнты — адзінага, на мой погляд, кандыдата — павінны менавіта тыя, хто будуць пасля збіраць подпісы, распаўсюджваць улёткі, стаяць у пікетах, працаваць у перадвыбарчых рэгіянальных штабах. У нас шмат паважаных людзей з апазіцыйнымі поглядамі, але ж наперадзе такое супрацьстаянне, падчас якога абіраць генерала павінна пяхота. Колькі штыкоў цябе падтрымаюць, столькі галасоў ты і атрымаеш. А каб даведацца пра колькасць штыкоў, трэба прайсці праз перадвыбарчую кампанію — напрыклад, праз мясцовыя выбары. Тады і паглядзім, хто ёсць хто і хто можа быць адзіным кандыдатам. Пачакаем трошкі. Час ёсць.

Віктар Карняенка, каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары»:

Каардынуючы орган патрэбен для вырашэння канкрэтных палітычных задач, напрыклад, вызначэння ад апазіцыі кандыдата на прэзідэнты. Не аднойчы ўжо такія органы ствараліся, праўда, шляхам дэлегавання ў яго паўнамоцных прадстаўнікоў структур, якія пагаджаліся нешта зрабіць разам. Таму першаснае пытанне — ці гатовы тут шукаць згоду палітычныя лідары альбо яны і ў 2015 годзе будуць клапаціцца пра ўласныя рэйтынгі, «умацаванне» сваіх структурак ці як «самазахавацца» да лепшых часоў. Калі гатовы, і гэта пацвярджаецца на практыцы, то механізмы каардынацыі могуць быць самыя розныя, у тым ліку і ў расійскім варыянце. Без канкрэтнай мэты стварэнне нейкіх надбудоваў застанецца гульнёй. У нас ужо быў і «кіраўнік дзяржавы», і «генпракурор у выгнанні», і нават цэлы паралельны парламент. І што яно нам дало? Калі браць арганізацыю альтэрнатыўнага галасавання, то заўсёды ў такіх выпадках паўстае патанне даверу да такіх «выбарчых камісій». Магчыма, для падвышэння даверу да працэдуры трэба прасіць далучыцца да гэтай справы нашых маральных аўтарытэтаў: Святлану Алексіевіч, Уладзіміра Арлова ды іншых.

Сяргей Салаш, грамадскі актывіст, Барысаў:

Калі б раптам была агульная згода на такі механізм, то электроннае галасаванне мела б сэнс. Праўда, на такое галасаванне не пагодзяцца «адвечныя дзеячы» і аўтсайдары. Што да арганізатара выбараў, то я б Ліпковічу (папулярны блогер) якомусьці даверыў бы працу са сканамі пашпартоў. Іншым — не. Падлікі павінны рабіць людзі, якія не маюць зацікаўленасці ў той ці іншай палітычнай групцы.

Зміцер Салаўёў, інжынер-будаўнік, праваабаронца:

На маю думку, расійская методыка можа быць выкарыстана ў якасці праймерыз — вызначэння прыкладнага рэйтынгу патэнцыйнага кандыдата. Але тут ёсць свае абмежаванні. Пры галасаванні на офісах апазіцыйных структур і з выкарыстаннем інтэрнет-рэсурсаў да ўдзелу будуць прыяцягнуты толькі пэўныя сацыяльныя групы (актывісты апазіцыі, студэнты, офісныя супрацоўнікі), у той час як іншыя сацыяльныя групы будуць менш прадстаўленыя, Дый застаецца пытанне бяспекі для выключэння фальсіфікацый. Няпроста пракантраляваць, хто насамрэч галасуе, бо коды можна і перахапіць. А доступ да копій пашпартоў і пашпартных звестак даволі шырокі — мы пакідаем дадзеныя шмат дзе: у банках і ЖЭСах, напрыклад.

Сяргей Чарнавокі, праграміст, сябар Аргкамітэта Хрысціянскай Дэмакратыі:

Ідэя прымальная, але лепш такія выбары рабіць у часы палітычнага ўздыму, як было пасля Плошчы.

Іван Шыла, студэнт:

Варта, безумоўна. Калі рэалізаваць такое, адбудзецца немагчымае, апазіцыя аб’яднаецца. А сама кампанія па арганізацыі выбараў — добрая нагода праверыць жыццяздольнасць структур. І наогул, у расейскай апазіцыі шмат ідэяў, якія варта было б выкарыстоўваць. Калі гаварыць пра галасаванні, то гэта выбары прамоўцаў на мітынгах. А якія жывыя там аргкамітэты масавых акцый! Нашыя ж даўно нічога супольнага з гэтым не маюць. Варыянты з электроннай рэгістрацыяй выбарцаў прымальныя. Даўно пара разумець, што, калі гаворка ідзе пра сотні і тысячы асобаў, рэпрэсіі супраць такой колькасці людзей немагчымы. Утварэнне ЦВК можна было б даручыць тым жа праваабаронцам-вясноўцам — у іх ёсць досвед арганізацыйнай працы ў межах краіны і высокі давер з боку ўсіх патэнцыйна зацікаўленых суб’ектаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны