Навіны Навіны Руху

Аляксандр Мілінкевіч выступіў на Форуме 2000

Аляксандр Мілінкевіч выступіў на Форуме 2000

3657 Праглядаў Прага
Сёлетняя міжнародная канферэнцыя, якая праходзіць у Празе 21-23 кастрычніка, прысвечана тэме «Медыі і дэмакратыя».

Старшыня Руху «За Свабоду» выступіў на першай сесіі Форума пад назовам «Сіла бяссільных», прысвечанай Вацлаву Гавелу.

Аляксандр Мілінкевіч у сваёй прамове казаў пра веліч, гуманізм і значэнне Вацлава Гавела для Беларусі, Еўропы і свету, пра важнасць веры, праўды, дзеяння і адказнасці, у барацьбе за перамены. Лідар Руху «За Свабоду» назваў Вацлава Гавела амбасадарам вольнай Беларусі.

«Не буду хаваць, што сярод беларускіх палітыкаў, як і нашых партнёраў, ёсць шмат песімізму наконт магчымых пераменаў Беларусі. Менавіта гэтае бязвер’е тармазіць дэмакратычнае развіццё. Але нам варта прыслухацца да Гавела, які казаў: «трэба працаваць на карысць, а не таму, што гэта можа прывесці да поспеху». Перамены не прыйдуць заўтра, але іх можна сёння наблізіць. «Адзіная прычына паразы гэта тое, што мы здаліся яшчэ да барацьбы», — працытаваў вялікага чэха ў сваім выступе Аляксандр Мілінкевіч.

У Форуму таксама бяруць удзел намеснік старшыні Руху Алесь Лагвінец, старшыня праваабарончага Альянсу Людміла Гразнова, былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў, палітык Вінцук Вячорка, моладзевы лідар Франак Вячорка.

Сёння ў старшыні Руху «За Свабоду» запланавана сустрэча з міністрам замежных справаў Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам.

Учора Аляксандр Мілінкевіч і Алесь Лагвінец узялі ўдзел у адкрыцці мемарыяльнай шыльды на доме, дзе жыў вядомы чэшскі дысідэнт Здэнэк Урбанэк, сябра Вацлава Гавела і адзін з заснавальнікаў Хартыі-77. На ўрачыстасці прысутнічалі былыя дысідэнты сёння чэшскія міністры Карэл Шварцэнбэрг і Аляксандр Вондра.

Міжнародны «Форум 2000» штогод збірае палітыкаў, грамадскіх і рэлігійных дзеячаў, журналістаў і публіцыстаў. Ён быў заснаваны прэзідэнтам Чэхіі Вацлавам Гавелам у 1996 годзе. Удзельнікі абмяркоўваюць самыя актуальныя пытанні сучаснасці. На Форуме выказваюцца разнастайныя меркаванні, выступаюць апазіцыйныя дзеячы з краін з аўтарытарнымі рэжымамі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны