Навіны Навіны Руху

Андрэй Юркоў: Сёе-тое атрымаецца і без дэпутацкіх паўнамоцтваў

Андрэй Юркоў: Сёе-тое атрымаецца і без дэпутацкіх паўнамоцтваў

3226 Праглядаў Горкі Дрыбін Мсціслаў
Андрэй Юркоў распавёў усё, што думае пра мінулых парламенцкіх выбарах, на якіх ён балатаваўся ў дэпутаты ад Горак, Дрыбіна і Мсціслава.

- Чаму мовай Вашай выбарчай кампаніі была руская? Вы і Вашы дзеці не толькі дома, але і паўсюль маеце зносіны па-беларуску.

- Тут некалькі абставінаў. Перш за ўсё, Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны, дзе я балатаваўся, - гэта ўсход Беларусі. Тут нават у старыя часы беларуская мова была вельмі русіфікаваная. На жаль, часта беларускамоўных успрымаюць насцярожана і адмоўна. Ва ўсякім выпадку, першае ўражанне ў людзей такое. Да таго ж, у Горках шмат рускамоўнай інтэлігенцыі, і яе ўплыў тут вельмі вялікі.

- Вы балатаваліся ў 2004-ым, у 2008-ым, навошта трэці раз? Двух не хапіла?

- Тут можа і пяці, і дзесяці не хопіць. Хтосьці павінен прапаноўваць іншы погляд і іншыя ідэі. У людзей павінна быць альтэрнатыва, магчымасць параўноўваць, выбіраць, прымаць рашэнне - гэтаму важна нам усім вучыцца, з гэтага будуецца грамадзянская супольнасць і дэмакратыя. Я ў гэта шчыра веру. Калі б знайшоўся хтосьці іншы замест мяне, з задавальненнем бы перадаў гэтую «эстафету».

- На карысць грамадства толькі ўдзел у выбарах? А як жа байкот?

- З самага пачатку байкот мне здаваўся маларэальным, што на выбары не пойдуць. Асноўная маса як звычайна ідзе.

Тыя, хто пагружаны ў палітыку, якія разумеюць сітуацыю ў краіне, яны і так ці не пойдуць галасаваць, ці прагаласуюць за альтэрнатыву. А вось для тых, хто менш ангажаваны, для іх важна, каб у бюлетэнях быў выбар.

Але пры гэтым мы (я і мая каманда) пры зборы подпісаў і на ўсіх сустрэчах заклікалі людзей ісці назіральнікамі. Для нас было важна, каб людзі ўбачылі на ўласныя вочы, ці ўсё сумленна.

- Якая мэта Вашай кампаніі, дасягнута яна 23. верасня?

- Думаю, мэта дасягнута. Значна больш людзей ведаюць мяне, 20% - гэта ўжо тыя, хто не першы раз галасуюць за мяне і за альтэрнатыўныя ідэі. Кажуць: мы разумеем, што ты робіш, для чаго, за тваю пазіцыю цябе і падтрымліваем.

Тысячы людзей атрымалі агітацыйныя матэрыялы, паслухалі выступы па ТБ і радыё, задумаліся пра тое, што робіцца ў краіне. Пачулі ідэі, альтэрнатыўныя сённяшняй улады. Гэтыя людзі - патэнцыйныя прыхільнікі пазітыўных зменаў.

- Якімі шляхамі Вы ішлі да гэтых людзей?

- Збор подпісаў быў вельмі важным. Мы абышлі больш за 4000 кватэр, дзе за мяне падпісалася каля 2800 чалавек. Дзякуй вялікі гэтым людзям!

Цікавы вынік далі кантакты з людзьмі праз сацыяльныя сеткі ў Інтэрнэце (vk.com/jurkou; odnoklassniki.ru/jurkou; facebook.com/andrei.yurkou). Было шмат пытанняў і дыскусій, людзі пісалі пра свае праблемы, абменьваліся думкамі.

Таксама выступы па радыё і тэлебачанні. Праграма, якая выйшла ў трох "раёнках", агульны наклад якіх больш за 8000 асобнікаў. Пасля гэтага шмат хто падыходзіў, казаў, што чытаў, што ўсё зразумела, што згодны.

Цікавымі былі і сустрэчы з выбаршчыкамі. Яны былі малаколькасныя, але ў агулам на іх пабывала каля 600 чалавек.

На жаль, у гэтым годзе сустрэч было не шмат. У 2004-ым быў сапраўдны марафон - па 3-4 сустрэчы ў дзень пяць дзён на тыдзень.

- Выбары скончыліся і што далей?

- Па-першае, невядома якія персанальна для мяне будуць наступствы гэтай кампаніі. Усё ж такі ў мяне добрая праца...

Калі не будзе ніякай неадэкватнай рэакцыі, то буду і далей займаць актыўную грамадскую пазіцыю. Буду рады дапамагаць людзям у вырашэнні мясцовых праблем - спадзяюся, сёе-тое атрымаецца нават без дэпутацкіх паўнамоцтваў.

Дзякуй мясцовым карыстальнікам Байнэту за падтрымку, за цёплыя каментары і галасы, як у анлайне, так і ў рэале. //horki.info

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны