Навіны Аналітыка

Якую цану прызначаць у Мінску за свабоду палітвязняў?

Якую цану прызначаць у Мінску за свабоду палітвязняў?

2488 Праглядаў
Беларускія ўлады выпусцілі з калоніі палітвязняў Сяргея Каваленкі і Паўла Сырамолатава. Папскі нунцый атрымаў магчымасць наведаць у месцах пазбаўлення волі іншых вязняў сумлення: Мікалая Статкевіча, Алеся Бяляцкага, Зміцера Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Паўла Севярынца. Ці сведчыць гэта пра гатоўнасць афіцыйнага Мінска вызваліць усіх палітвязняў?

Кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла адзначае непрадказальнасць беларускіх уладаў.

- Тут няма ніякай логікі. Каваленку вызвалілі, але ён практычна ўжо адбыў пакаранне, яму заставалася сядзець некалькі месяцаў. Ён знясілены, яго здароўе падарвана. Мабыць, ён напісаў паперу, не пакаянную, а з просьбай вызваліць яго датэрмінова. Яго вызвалілі. Але чаму пасля выбараў? - задаецца пытаннем праваабаронца ў інтэрв'ю "Заўтра тваёй краіны". - Магчыма, таму што міністр замежных спраў Уладзімір Макей едзе ў ААН, дзе будзе выступаць з дакладам, і яму трэба падаць сыгнал Захаду. Хоць гэта абсалютна не паляпшае сітуацыю з правамі чалавека. Мы толькі назіраем пагаршэнне гэтай сітуацыі, асабліва па выніках выбарчай кампаніі. Улады выкарыстоўваюць палітвязняў выключна для палітычнага гандлю.

Дазвол папскаму нунцыю наведаць палітвязняў, па словах палітолага Аляксандра Класкоўскага, верагодна, прадыктавана імкненнем уладаў выкарыстоўваць Святы Пасад у якасці пасярэдніка для ўрэгулявання стасункаў з Захадам.

- Вось улады і спрабуюць разыграць або трымаць на ўсялякі выпадак пры сабе гэтую карту Ватыкана. Можна ўзгадаць, што менавіта да Папы Рымскага ездзіў Лукашэнка з сынам Колем у адзін са сваіх прарываў у Еўропу. Калі глядзець шырэй, то вызваленне Каваленкі ўкладваецца ў магчымую схему разблакавання заходняга вектару ў выпадку ўзмацнення ціску з боку Масквы, - мяркуе аналітык.

Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што 15 кастрычніка міністры замежных спраў краін ЕС павінны сабрацца ў Бруселі для абмеркавання беларускага пытання.

- Хоць у Бруселя не назіраецца жадання ісці шырокамаштабнай вайной на беларускі рэжым, але для захавання твару нейкае рашэнне прымаць трэба. І вось для змякчэння такога магчымага рашэння выпушчаны Сяргей Каваленка. Палітвязень, які, па-першае, напісаў прашэнне, а па-другое, не з'яўляецца апазіцыйным правадыром і нават патэнцыйна не можа быць канкурэнтам Лукашэнкі на выбарах. З пункту гледжання ўлад гэта фігура дастаткова бяспечная, прычым, не звязаная з Плошчай. Для ўзмацнення эфекту выпусцілі яшчэ аднаго напісаў прашэнне палітвязня - анархіста Паўла Сырамолатава, які быў асуджаны за спробу падпалу будынку КДБ у Бабруйску. А далей афіцыйны Мінск будзе глядзець на рэакцыю Бруселя.

На думку аналітыка, цяпер рана казаць, што наступіў пералом у адносінах Беларусі з Еўрасаюзам. Як лічыць Аляксандр Класкоўскі, у беларускага кіраўніцтва няма вострай патрэбы адпускаць усіх палітвязняў.

- Магчыма, што нехта яшчэ напісаў прашэнне, мы гэтага не ведаем. Але прынцыпова гэта карціну не зменіць, і да 15-га кастрычніка Мінск не стане раскідвацца палітвязнямі. Ён разглядае палітвязняў як жывы тавар, і ясна, што ў розніцу за яго можна атрымаць больш, чым оптам. Гэта адзінкавы тавар, і навошта затанна, з пункту гледжання беларускага кіраўніцтва, выкідваць новыя адзінкі гэтага тавару на рынак? - мяркуе эксперт.

Акрамя ўсяго іншага, як адзначае палітолаг, новы кіраўнік МЗС Уладзімір Макей можа ініцыяваць нейкія закулісныя перамовы на беларуска-еўрапейскім кірунку, і шмат што будзе залежаць ад гэтых кулуарных сустрэч.

- Актывізаваць заходні вектар беларускае кіраўніцтва вымушаюць звязаныя паміж сабой два фактары. Расія пачынае паднаціскаць ў эканамічным плане. І мы бачым, што спыненне "разбаўляльна-распульшчальнага" бізнэсу нанесла моцны ўдар па знешнім гандлі. Плюс надрукаваная ладная колькасць грошай да выбараў таксама можа хваравіта гукнуцца. Гэтыя фактары прымушаюць падумаць, ці не пара расчысціць завалы на заходнім напрамку. Выпуск Каваленкі - пробны шар, і цяпер афіцыйны Мінск будзе сачыць за рэакцыяй Еўропы, - прагназуе Аляксандр Класкоўскі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны