Навіны Навіны Руху

«Выбарчая карусель»: галасавалі да 15 разоў?!

«Выбарчая карусель»: галасавалі да 15 разоў?!

2691 прагляд Мінск
У межах Мінскага Еўраклуба 27 верасня адбылася сустрэча назіральнікаў Руху «За Свабоду» на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

На сустрэчы былі пераважна назіральнікі, вылучаныя на ўчасткі Фрунзенскай выбарчай акругі № 101, дзе дэмакратычнымі сіламі праводзілася кампанія "Байкот 101". Незалежныя назіральнікі распавялі пра новыя тэндэнцыі і цікавыя выпадкі, з якімі сутыкнуліся падчас апошняй выбарчай кампаніі.

Паколькі перад уладамі галоўнай задачай на выбарах было не столькі забеспячэнне перамогі аднаго з кандыдатаў (гэта рабіць даўно навучыліся), колькі накрутка адпаведнай яўкі, ім давялося скарыстоўваць новыя для Беларусі "выбарчыя тэхналогіі".

Шмат гаварылі пра так званыя "каруселі", калі супрацоўнікаў якой-небудзь дзяржаўнай установы арганізавана развозяць па розных участках, каб яны па некалькі разоў галасавалі. Сяргей Стрыбульскі выпадкова падслухаў размову такой брыгады. "Да 15 разоў трэба прагаласаваць", - сказала адна жанчына сваёй сяброўцы.

Асаблівасць сёлетняй выбарчай кампаніі – амаль татальная забарона фатаграфаваць (нават журналістам) на выбарчых участках падчас датэрміновага галасавання. Камісіі тлумачылі гэта клопатам пра прыватнае жыццё людзей, якія знаходзяцца на ўчастку і тым, што фатаграфаванне перашкаджае працы камісіі. Прысутныя выказалі меркаванне, што такая забарона паўстала менавіта з боязі, што фотатэхніка дапаможа зафіксаваць "карусельшчыкаў".

Шырока выкарыстоўваліся правакацыі праўладных назіральнікаў супраць назіральнікаў Руху "За Свабоду". Прысутныя распавядалі пра абразы, хамства, хлуслівыя абвінавачванні, спробы з дапамогай іншых службаў нейтралізаваць назіральніка, прымусіць яго пакінуць участак. Назіральнікаў ад Руху "За Свабоду" выклікалі дамоў, да іх чапляліся "п'яныя", іх абвінавачвалі ў правакаванні бойкі, у перашкодах працы камісіі…

Традыцыйна масава галасавалі насельнікі інтэрнатаў (Якубоўскага 41, 45, 47), якія прыпісаныя да 370-га участка. Паводле Генадзя Куўшынава, у некаторых інтэрнатах датэрмінова прагаласавала 80-90% выбаршчыкаў. Месцы для назіральнікаў часцяком былі размешчаныя так, каб не было бачна, як выбаршчык кідае бюлетэні ў скрыню.

Але нават гэтыя сумнеўныя з пункту гледжання законнасці захады ўладаў не дазволілі забяспечыць неабходную яўку выбарцаў. Улады пайшлі на скрайнія захады. У дзень выбараў на шэрагу участкаў назіральнікі зафіксавалі брутальнае завышэнне яўкі – у 2 і больш разоў! Рабілася ўсё, каб адрапартаваць, што выбары адбыліся.
З гэтай нагоды былі напісаны шматлікія заявы ў пракуратуру і ЦВК. Адказаў пакуль няма.

Удзельнікі кампаніі "Байкот 101" кажуць пра маральную перамогу. Паводле падлікаў незалежных назіральнікаў на Фрунзенскай акрузе № 101 прагаласавала не болей за 36% выбаршчыкаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны