Навіны Навіны Руху

Скарга ў ЦВК: яўка па Фрунзенскай акрузе № 101 у Мінску склала не 58,8%, а 35,6%

Скарга ў ЦВК: яўка па Фрунзенскай акрузе № 101 у Мінску склала не 58,8%, а 35,6%

2721 прагляд Мінск
26 верасня поштай у Цэнтрвыбаркам была накіравана скарга з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў па сталічнай Фрунзенскай акрузе № 101, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Прадстаўнікі руху, Партыі БНФ, кампаніі "Гавары праўду!" і яе маладзёжнага крыла "Zмена" арганізавалі ў гэтай акрузе кампанію байкоту. У яе рамках праводзілася назіранне практычна на ўсіх выбарчых участках акругі. У выніку, на думку назіральнікаў, яўка выбаршчыкаў па акрузе склала 35,6%, а не 58,8%, як сцвярджаюць у Цэнтрвыбаркаме.

Губарэвіч паведаміў, што да скаргі прыкладаецца каля 30 заяў назіральнікаў аб парушэннях на выбарчых участках.
"У скарзе мы звяртаем увагу камісіі ў першую чаргу на разыходжанні паміж фактычнай яўкай выбаршчыкаў, якую фіксавалі назіральнікі, і лічбамі ўчастковых камісій, якія былі адзначаны ў іх пратаколах. Мы лічым, што гэтыя звесткі вельмі лёгка праверыць, калі прааналізаваць рэгістрацыйныя кнігі выдачы бюлетэняў, дзе можна палічыць подпісы, або праверыць праз тэлефоннае апытанне выбаршчыкаў, ці рэальна яны ставілі подпісы", — адзначыў ён.

Акрамя таго, у скразе звяртаецца ўвага камісіі на іншыя парушэнні, у прыватнасці на перашкоды з боку камісій працы назіральнікаў, у тым ліку выдаленне іх з участкаў, непрадастаўленне інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў, выдадзеных бюлетэняў і інш.

У скарзе, паводле слоў Губарэвіча, таксама гаворыцца "аб выкарыстанні на выбарах "выбарчых каруселяў" з пералічэннем канкрэтных назіральнікаў, якія могуць пацвердзіць факт іх прымянення".

"У выніку мы просім правесці праверку: апытаць усіх зацікаўленых асоб або запытаць усе неабходныя дакументы. На аснове атрыманых у выніку гэтай праверкі звестак патрабуем прызнаць, што выбары па акрузе № 101 не адбыліся", — паведаміў Губарэвіч.

Аналагічная скарга накіравана ў пракуратуру, дзе акрамя праверкі значыцца просьба аб распачынанні крымінальнай справы на падставе пералічаных фактаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны