Навіны Аналітыка

Сённяшняя стабільнасць – шлях у нябыт

Сённяшняя стабільнасць – шлях у нябыт

2431 прагляд Мінск
Існуючая мадэль аўтарытарнай дзяржавы з камандна-адміністрацыйнай эканомікай і штучнай ідэалогіяй у сваёй сутнасці не здольная да развіцця. Яна запраграмаваная на аслабленне сучасных дзяржаўных інстытутаў, страту суверэнітэту і знішчэнне беларускай нацыі як палітычнай супольнасці.

Навошта гэта? Чаму так? Каму патрэбна пазбаўляць будучыні нашых нашчадкаў? Адказы на гэтыя пытанні не апынуцца па-за межамі рацыянальнасці, калі разабрацца ў сапраўдных мэтах і задачах тых, хто кіруе нашай палітычнай сістэмай. Вядома ж, ніхто не жадае наўмысна разбураць беларускую дзяржаву. Праблема ў тым, што нечая звышмэта – захаваць статус-кво, так званую стабільнасць, вядзе не проста да застою, яна патрабуе ўсё большага ахвяравання матэрыяльнымі і духоўнымі здабыткамі ранейшых пакаленняў беларусаў.

Ужо шмат сказана пра невыкананне прынцыпу падзелу ўлады. Кожны беларус усведамляе ступень незалежнасці нашых судоў, рэальныя паўнамоцтвы парламента, магчымасці ўрада ў кіраванні краінай. На жаль, прапісаны ў Канстытуцыі тэзіс аб тым, што крыніцай дзяржаўнай улады ёсць народ, таксама ў разуменні многіх уяўляецца толькі прыгожымі словамі.

Наш чалавек прызвычаіўся ратавацца сам, як можа. Калі дзяржава адварочваецца ад яго, становіцца не "для народа", а "за кошт народа", чалавек таксама стараецца ізаляваць сябе і сваю сям’ю ад яе не надта спрыяльнага ўплыву. Тактыка "хавайся ў бульбу" дазваляла пераседзець смутныя часы, выжыць, але не паўнавартасна жыць і развівацца.

Зараз сітуацыя іншая, свет імкліва змяняецца. 18 год пры ўладзе ў сучасным свеце – гэта нонсенс. Знешнепалітычныя і глабальныя эканамічыя працэсы не дазволяць адседзецца ў баку. Беларусы мусяць кансалідавацца, каб годна прайсці спасланае выпрабаванне, інакш яны расцярушацца па свеце ды згубяць сваю адметнасць пад ціскам іншых супольнасцей.

Умацаваць духоўны стрыжань, аб’яднаць нацыю дапамогуць нацыянальная годнасць, культура, мова, гістарычная спадчына. Наша слаўная гісторыя пайшла не ад Другой сусветнай вайны, не ад 1917 года і, канечне ж, не ад 1994-га, яна сягае ў стагоддзі. Нашыя продкі мужна змагаліся за свабоду і незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны. Памяць пра гэта дапаможа пераадолець любыя выклікі.

Дапамагчы нам даць рады ў захаванні Беларусі, а таксама ў рэфармаванні і мадэрнізацыі краіны можа аб’яднаная Еўропа. Менавіта ў Еўразвязе правы і свабоды чалавека ставяцца перадусім, менавіта там створаны найлепшыя ўмовы для грамадзянскай супольнасці, што дазваляе знаходзіць аптымальныя шляхі росту і развіцця.

У адпаведнасці з еўрапейскімі каштоўнасцямі пры падтрымцы руху "За Свабоду" групай выбітных экспертаў ствараецца "Народная праграма" – комплекс дзеянняў у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай ды іншых сферах для паляпшэння якасці жыцця нашых людзей.

"Народная праграма" – не проста прыгожая назва. Да яе стварэння можа далучыцца кожны. Прапановы неабыякавых людзей будуць разглядацца спецыялістамі і, па магчымасці, улічвацца. Праграма рэформаў дазволіць неадкладна пачаць мадэрнізацыю краіны, як толькі для гэтага з’явяцца неабходныя ўмовы.

Арцём Лява
Naviny.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны