Навіны Навіны Руху

50 новых помнікаў гісторыі

50 новых помнікаў гісторыі

2073 праглядаў Мінск
Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапануе Міністэрству культуры ўключыць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў амаль паўсотні новых аб’ектаў.

Руіны сынагогі ў вёсцы Новы Сьвержань, што ў Стаўпецкім раёне, будынак былога дэпо ў Горадні, вадзяны млын у вёсцы Дындылішкі Івейскага раёну, заезная карчма ў Дзярванцах на Шчучыншчыне, — далёка ня поўны пералік нерухомых памятак даўніны, якія Таварыства аховы помнікаў прапануе ўключыць у адпаведны Дзяржаўны сьпіс, паведамляе Радыё Свабода.

Актывіст Руху «За Свабоду», старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч лічыць, што абаронцы гістарычнай спадчыны мала карыстаюцца магчымасьцямі, якія дае заканадаўства, бо зрабіць такія прапановы ня надта цяжка:

«У нас любая фізычная і юрыдычная асоба мае права падаваць прапановы на наданьне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Для гэтага не абавязкова быць спэцыялістам. Трэба даць дакладную назву і адрас аб’екта, уласьніка ці ўладальніка, юрадрас. Апісаць ці то архітэктурна-канструктыўныя асаблівасьці, ці то падзеі і асобаў, зьвязаных з гэтым месцам, то бок абгрунтаваць, чаму і паводле якіх крытэраў гэты аб’ект варты ўключэньня ў Дзяржаўны сьпіс. Прыкласьці фатаздымкі, каб візуальна ацаніць вартасьць аб’екта, схематычны плян мясцовасьці, дзе разьмешчаны аб’ект».

У прапановах Таварыства — і 37 адзінак рухомага саставу Беларускай чыгункі. Рарытэтныя паравозы і цеплавозы цяпер знаходзіцца на балянсе Берасьцейскага лякаматыўнага дэпо.

«Мы зусім не цывілізаваныя людзі, бо да інжынэрных і тэхнічных дасягненьняў заўсёды ставімся, быццам бы гэтага і не было, — абураецца Антон Астаповіч. — У нас не захавалася старых тэхналёгій і мэханізмаў. Вы паглядзіце на тую ж Швэцыю ці Вялікабрытанію: ашчадна захоўваюць тэхналягічныя лініі зь сярэднявечча. У нас няма мэханізмаў 50-гадовай даўніны. Як іх можна не захоўваць, я не разумею».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны