Навіны Навіны Руху

Кандыдатаў не рэгіструюць з дапамогай ананімнай экспертызы

Кандыдатаў не рэгіструюць з дапамогай ананімнай экспертызы

2299 Праглядаў Мінск
Лідара Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, а таксама прэтэндэнта ў кандыдаты Віктара Янчурэвіча не зарэгістравалі за нібыта кепскія подпісы.

Паводле меркавання сябра ЦВК з правам дарадчага голасу Віктара Карнеенкі, у сёлятняй выбарчай кампаніі ўлады для нерэгістрацыі кандыдата выкарыстоўваюць новы інструмент – так званую экспертызу, якая, на яго думку, з пункту гледжання здаровага сэнсу і законнасці вельмі сумнеўная, і яе нельга браць пад увагу.

"Акружная камісія нічога не робіць, каб спрыяць рэгістрацыі кандыдата. Тым больш у дадзеным выпадку (з Мілінкевічам, – рэд.) здадзеных подпісаў больш чым дастаткова і выбраць якасныя подпісы не складана. Я лічу, што гэта рашэнне палітычна матываванае, яго трэба адмяніць і зарэгістраваць кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча", – заявіў на паседжанні ЦВК Віктар Карнеенка.

Старшыня партыі "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, які таксама з'яўляецца сябрам камісіі з правам дарадчага голасу, дадаў, што камісіяй сур'ёзна ўлічваюцца дадзеныя экспертызы, якія не з'яляюцца адказам на пастаўлены перад экспертамі камісіяй пытанні. Гэта, на яго думку, некарэктна.

"Няма юрыдычных падстаў, каб сцвярджаць, што даты пастаўлены адной асобай. Нескладана было апытаць некаторых грамадзян, якія ставілі свае подпіс. Гэта зроблена не было", – дадаў лідар партыі левых.

Сябра ЦВК з правам дарадчага голасу Ігар Лялькоў сцвярджаў, што заключэнне экспертаў-крыміналістаў не мае юрыдычнай сілы. Бо эксперты паведамілі што адказаць на пастаўленае пытанне не ўяўляецца магчымым. Астатнее, на яго думку, – дадатковыя заўвагі, пра якія іх не пыталіся.

"Чаму ў Мінску атрымліваецца, што на падставе таямнічых экспертаў адмаўляюць толькі дэмакратычным кандыдатам? Якім чынам праводзілася экспертыза, якая кампетэнцыя эксперта – невядома? На падставе юрыдычна нікчэмных дакументаў прымаць рашэнне аб зняцці кандыдата недапушчальна. Лічу, што неабходна адмяніць рашэнне пра нерэгістрацыю кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча і зарэгістраваць яго кандыдатам," – заявіў Ігар Лялькоў.

Аднак, сябры ЦВК не улічылі довады Карнеенкі, Калякіна і Лялькова і прагаласавалі за тое, каб пакінуць рашэнне акруговых камісій аб нерэгістрацыі кандыдатаў у сіле.

 

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны