Навіны Навіны Руху

Актывіст Руху «За Свабоду» патрабуе надаць дому Максіма Гарэцкага статус помніка

Актывіст Руху «За Свабоду» патрабуе надаць дому Максіма Гарэцкага статус помніка

2847 Праглядаў Мінск Горкі
Старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч напісаў адпаведны ліст міністру культуры Паўлу Латушку.

Як паведамляе «Новы Час» , аўтар ліста зазаначае, што 20 чэрвеня Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры не задаволіла прапанову грамадскага аб’яднання па наданню статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці жылому драўлянаму дому пачатку XX стагоддзя ў Горках.

«Адмова ў наданні статуса каштоўнасці гэтаму будынку гучыць, мякка кажучы, некарэктна, бо яго тэхнічны стан не з’яўляецца крытэрыем, сфармуляваным у дзеючым заканадаўстве, а страчаныя архітэктурныя якасці можна лёгка вярнуць пры правядзенні рэстаўрацыі і рэканструкцыі, пры дэмантажы абліцоўкі з сілікатнай цэглы. Тым больш, што, згодна з пунктам 1.3 артыкула 20 закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», прапанаваны аб’ект «непасрэдна звязаны з падзеямі або ідэямі і перакананнямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і (або) духоўнага развіцця чалавецтва і народа Беларусі; жыццём і дзейнасцю выдатных асоб свету і Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца ў лісце.

«У сувязі з неадпаведнасцю крытэрыям адбору матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці», Астаповіч патрабуе «тэрміновага перагляду» прапановы грамадскасці па наданню статуса помніка гісторыі дому № 3 па вуліцы Агранамічнай у Горках.

Нагадаем, што дзеля захавання дома Гарэцкага і ўключэння яго ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь напрыканцы сакавіка таварыства накіравала ў Міністэрства культуры ўсе неабходныя матэрыялы (навуковае абгрунтаванне, фотаздымак аб’екта, яго фіксацыю на генеральным плане Горак і прапанову аб наданні дому статуса помніка).

У Горках у двухпавярховым доме № 3 з дрэва і цэглы па вуліцы Агранамічнай на другім паверсе ў кватэры № 5 з 1926 па 1928 год пражываў Максім Гарэцкі. У лістападзе мінулага года грамадскасці стала вядома, што гэты будынак рыхтуецца пад знос у сувязі з добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля гарадскога Ніжняга возера. Па ініцыятыве мясцовых краязнаўцаў быў арганізаваны збор подпісаў у абарону дома Гарэцкага. Усяго было сабрана каля 400 подпісаў жыхароў Мінска, Віцебска і Горак пад зваротам, накіраваным ў Горацкі райвыканкам, Магілёўскі аблвыканкам і ў Міністэрства культуры. Падпісанты звароту лічаць, што знос гэтага будынка будзе вялікай стратай для нацыянальнай культуры і просяць улады адсяліць жыхароў дома Гарэцкага ў новыя кватэры, а сам помнік гісторыі захаваць для нашчадкаў. Калі ж будынак захаваць немагчыма, грамадскасць просіць усталяваць на гэтым месцы помнік Максіму Гарэцкаму, які б адпавядаў значэнню гэтай асобы ў гісторыі Беларусі.

Грамадскасць атрымала адказ з Магілёўскага аблвыканкама з прапановай усталяваць на месцы знесенага дома Гарэцкага архітэктурна-скульптурную кампазіцыю з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Акрамя таго, у адказе прыводзяцца вынікі абследавання дома Гарэцкага спецыялістамі ПВГУП «Магілёўпраектсервіс». На думку спецыялістаў, у жылым будынку, дзе знаходзіцца кватэра Максіма Гарэцкага, неабходна ўзмацніць падмуркі; разабраць вонкавыя сцены з сілікатнай цэглы, замяніць частку бярвення, якая згніла; выканаць замену перакрыцця сутарэннага памяшкання; узмацніць міжпавярховыя і паддашкавыя перакрыцці; замяніць кроквенную сістэму і ўсе сталярныя вырабы, а таксама ўцяпліць канструкцыі вонкавых сцен з бярвення. Прычым чыноўнікі аблвыканкама лічыць, што такія рамонтныя працы не маюць сэнсу, бо прывядуць да «страты аўтэнтычнасці» дома.

У сваю чаргу Астаповіч не бачыць у пералічаных работах па аднаўленні дома Гарэцкага нічога незвычайнага. «У рэстаўрацыі існуе цэлы шэраг сучасных тэхналогій, якія прымяняюцца і ў Беларусі. Большасць пералічанага робіцца элементарна, не ўяўляе складанасці і не прывядзе да страты аўтэнтычнасці будынка. Што тычыцца ўцяплення дома, дык гэта не давядзецца рабіць, калі будынку прысвояць статус помніка», — сказаў Астаповіч.

Жыццё і дзейнасць Максіма Гарэцкага цесна звязаны з Горкамі. Тут ён у 1912–1913 гадах вучыўся ў каморніцка-агранамічным вучылішчы, з 1926 па 1928 гады загадаваў кафедрай беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Кватэра Гарэцкага ў Горках — адзінае жыллё пісьменніка, якое захавалася ў Беларусі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны