Навіны Беларусь і Свет

Алеся Бяляцкага вылучаць на прэмію Сахарава

Алеся Бяляцкага вылучаць на прэмію Сахарава

2411 Праглядаў Мінск Брусэль
У Еўрапейскім парламенце пачаўся збор подпісаў за вылучэнне беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на атрыманне прэміі імя Андрэя Сахарава.

Дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Яцэк Сарыюш-Вольскі накіраваў лісты еўрапарламентарыям з заклікам падтрымаць кандыдатуру Бяляцкага, перадае БелаПАН.

Сарыюш-Вольскі ў сваім звароце падкрэсліў, што ўнёсак Бяляцкага ва ўмацаванні міру шырока ацэнены ў тым ліку і ААН. Акрамя таго, нагадаў ён, беларускі праваабаронца намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.

"Еўрапарламент, які ўжо заявіў пра сваю падтрымку Алеся Бяляцкага ў рэзалюцыі ад 15 верасня 2011 года, можа паказаць ўніверсальнае значэнне ўпартай барацьбы за свабоду ў краінах, дзе кіруюць дыктатары, узнагародзіўшы праваабаронцу прэміяй Сахарава", – адзначае Сарыюш-Вольскі.

Як паведамляе сайт www.euractiv.com, Бяляцкі пакуль з'яўляецца адзіным кандыдатам на атрыманне прэміі Сахарава. Для вылучэння яму неабходна да 12 верасня заручыцца падтрымкай не менш за 40 еўрадэпутатаў.

Суд над кіраўніком праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесем Бяляцкім адбыўся ў лістападзе 2011 года. Праваабаронцу прызналі вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прысудзілі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не прыняў да ўвагі той факт, што грошы, якія паступаюць на гэтыя рахункі, выкарыстоўваліся для дзейнасці закрытага ў Беларусі ПЦ "Вясна". Таксама суд не прыняў да ўвагі тое, што шкода, які нібыта нанёс Бяляцкі, была цалкам пагашаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Арышт Бяляцкага выклікаў шырокі міжнародны рэзананс. Беларускі праваабаронца абвешчаны вязнем сумлення.

Нагадаем, у 2006 годзе лаўрэатам прэміі Сахарава стаў лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны