Навіны Аналітыка

Палітзняволеныя застаюцца галоўнымі козырамі Лукашэнкі ў гульні з Еўропай

Палітзняволеныя застаюцца галоўнымі козырамі Лукашэнкі ў гульні з Еўропай

2448 Праглядаў
На сайтах беларускіх праваабаронцаў фігуруе спіс з 14 прозвішчаў. Для значнай часткі беларускага грамадства і замежжа гэтыя людзі — палітычныя зняволеныя. Менавіта гэтыя 14 чалавек, а дакладней, іх знаходжанне ў месцах пазбаўлення і абмежавання волі, з’яўляюцца ключавой перашкодай на шляху аднаўлення дыялогу паміж Мінскам і Бруселем.

Як вынік, менавіта яны і ўяўляюць сабой адзіны важкі геапалітычны козыр у руках беларускай улады ў яе гульні з Еўропай. Таму асабліва важна хоць бы паспрабаваць прадказаць развіццё сітуацыі ў гэтым пытанні.

Палітычных набралася на любы густ

Гісторыя сучаснай Беларусі гаворыць аб тым, што ўлады лічаць за лепшае карыстацца магчымасцю зняць вяршкі з такога важнага рычага ўздзеяння на Еўропу, як палітзняволеныя. У пераважнай большасці выпадкаў яны ўсё ж выходзілі на волю раней за тэрмін, адведзены судом.

Неабходна аддаць належнае прагматызму беларускіх улад. Падобныя акты "міласэрнасці" заўсёды рабіліся ў патрэбны час і амаль заўсёды дасягалі сваіх мэтаў. Абвастрэнне адносін з Еўропай зніжалася, прымушаючы яе прыплюшчыць вочы на іншыя грахі рэжыму. У 2008 годзе пасля вызвалення Аляксандра Казуліна пачалася двухгадовая разрадка.

Але гэтым разам сітуацыя больш цяжкая. У турмах за некалькі гадоў гучных пасадак з палітычнай падаплёкай набралася шмат людзей, "закрытых" пад розным соусам. Некаторыя траплялі ў турму да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, іншыя — па справе аб "масавых беспарадках" на Плошчы, шасцёра — па "справах анархістаў", Алесь Бяляцкі і Сяргей Каваленка — праз даволі доўгі час пасля падзей 2010 года па абвінавачаннях абсалютна іншага кшталту. Выпускаць іх усіх (разам або паасобку) — значыць прызнаць тое, што і так усе разумеюць: гэтыя людзі — палітычны інструмент, а не рэальныя злачынцы.

З іншага боку, Еўропа, якая ўжо наступала на граблі, не разгоніцца ісці на новы раўнд дыялогу ў Лукашэнкам, не маючы ніякіх гарантый далейшага выканання сваіх умоў.

Выпусцяць ці не?

Аднак беларускія палітолагі бачаць і глебу для некаторага аптымізму ў гэтым пытанні. Так, напрыклад, эксперт аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Валерый Карбалевіч лічыць частковае вызваленне палітзняволеных магчымым ужо гэтай восенню. Ён звязвае гэта з двума фактарамі.

"Па-першае, гэта рост напружанасці ў адносінах з Расіяй. Другое — гэта парламенцкія выбары. Неабходна неяк нейтралізаваць негатыўнае ўспрыманне Еўропай недэмакратычнага ходу парламенцкіх выбараў з дапамогай вызвалення нейкай часткі палітзняволеных", — разважае сураўмоўца БелаПАН.

Па выніках пазачарговага пасяджэння Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС 10 жніўня было заяўлена аб намеры перагледзець абмежавальныя меры адносна Беларусі (прасцей кажучы, пашырыць санкцыі) да 31 кастрычніка. Калі і выпускаць кагосьці з палітзняволеных, то наўрад ці можна знайсці лепшы час, чым перад абмеркаваннем у Бруселі чарговага пакета санкцый.

На думку палітолага Юрыя Чавусава, улады сур'ёзна ўспрынялі пагрозу Еўрасаюза. Аналітк лічыць, што "ў прамежку паміж парламенцкімі выбарамі і прыняццем рашэнняў Еўрасаюза для рэжыму застаецца люфт, перыяд для аднаўлення працэсу вызвалення палітзняволеных. Гэта будзе разгледжана пазітыўна, і Еўрасаюз можа ўстрымацца ад прыняцця новых санкцый нават нягледзячы на жорсткі дыпламатычны канфлікт".

У каментарыі для БелаПАН эксперт прапанаваў свой прагноз развіцця падзей на восень: "Парламенцкія выбары пройдуць у кантралюемым рэжыме і будуць крытычна ўспрынятыя на Захадзе. Але, з іншага боку, з'яўлення новых палітзняволеных у ходзе гэтых парламенцкіх выбараў не адбудзецца, што для Еўрасаюза будзе азначаць прынамсі непагаршэнне сітуацыі".

Затым, прагназуе суразмоўца, у канцы верасня — пачатку кастрычніка Мінск або адновіць працэс вызвалення палітзняволеных, або зробіць нейкія іншыя знакі, якія абазначаюць магчымасць змянення сітуацыі. "Напрыклад, — мяркуе Чавусаў, — гэта можа быць разгляд пытання аб умоўна-датэрміновым вызваленні некаторых палітзняволеных".

Суразмоўца таксама нагадаў, што ва ўлад ёсць падобны вопыт: экс-міністр Міхаіл Марыніч быў выпушчаны з турмы адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года.

Усё ўпіраецца ў адносіны з Расіяй

Наіўна было б меркаваць, што да сур'ёзнага крызісу ў адносінах з Расіяй Лукашэнка пойдзе на вызваленне ўсіх "палітычных". Беларускі прэзідэнт — вопытны гулец, якія беражэ свае моцныя карты столькі, колькі дазваляюць абставіны. "У цяперашняй сітуацыі і Еўрасаюз наўрад ці ўсур'ёз разлічвае на вызваленне ўсіх палітзняволеных", — мяркуе Юрый Чавусаў.

Што ж будзе з астатнімі палітзняволенымі, тымі, каго не закране магчымая восеньская хваля "лібералізацыі па-беларуску"? Валерый Карбалевіч мяркуе, што "ўсё залежыць ад палітычнай кан'юнктуры. Хутчэй за ўсё, што сам прэзідэнт не ведае, якім будзе іх лёс, калі ён збіраецца іх адпускаць. Але не думаю, што яны дасядзяць свае тэрміны".

Палітолаг таксама прагназуе стрыманую рэакцыю Еўрасаюза на частковае вызваленне палітычных вязняў, а менавіта: адмову ад новага пашырэння санкцый.

Разам з тым, рэакцыя Еўрасаюза адыгрывае ў гэтым пытанні вызначальную ролю. Шматразова аб'явіўшы аб сваёй прынцыповай пазіцыі — "ніякага дыялогу да поўнай рэабілітацыі палітзняволеных", — еўрапейскія чыноўнікі паставілі і сябе, і беларускі рэжым у даволі цяжкую сітуацыю. З аднаго боку, у Бруселі рызыкуюць страціць твар, змірыўшыся з непаўнатой уступак Мінска. З іншага боку, беларускі афіцыйны лідар наўрад ці проста так зробіць усё тое, на чым настойвае ЕС.

Вось і атрымліваецца, што для вызвалення ўсіх палітзняволеных трэба чакаць новага крызісу ў адносінах з іншым, прычым гіпертрафіраваным паўшар'ем беларускай знешняй палітыкі — Расіяй.

Арцём ШРАЙБМАН, аналітык

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны