Навіны Беларусь і Свет

ЕС вырашыў не адклікаць паслоў з Мінска

ЕС вырашыў не адклікаць паслоў з Мінска

1973 праглядаў Мінск Стакгольм
ЕС не будзе адклікаць еўрапейскіх паслоў з Мінска і мае намер у найбліжэйшыя месяцы перагледзець абмежавальныя меры адносна Беларусі. Аб гэтым заявіў старшыня Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС Олаф Скоог 10 жніўня на брыфінгу па выніках пазачарговага пасяжэння камітэта ў Бруселі.

Нагадаем, цяпер 243 прыватныя асобы і 32 прадпрыемствы Беларусі трапляюць пад візавыя і эканамічныя санкцыі Еўрасаюза. ЕС лічыць іх адказнымі за "сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі адносна грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі", а таксама "атрыманне выгады ад рэжыму або яго падтрымку".

Скоог адзначыў, што рашэнне пра абмежавальныя меры будзе прымацца ў кастрычніку з улікам апошняга дыпламатычнага канфлікту паміж Беларуссю і Швецыяй.

Паводле яго слоў, усе ўдзельнікі пасяджэння выказаліся ў падтрымку Швецыі, а таксама ў падтрымку заявы вярхоўнага прадстаўніка ЕС Кэтрын Эштан ад 3 жніўня, у якой выказана сур'ёзная заклапочанасць сітуацыяй.

"Усім беларускім паслам на працягу некалькіх найбліжэйшых дзён будзе перададзена вельмі выразнае паведамленне з выказваннем поўнай салідарнасці Швецыі", — заявіў Скоог.

Паводле яго слоў, усе ўдзельнікі пасяджэння таксама згадзіліся, што гэтая сітуацыя закранае не толькі адносіны Беларусі са Швецыяй, але і яе адносіны з ЕС.

Нарэшце, Скоог падкрэсліў прыхільнасць ЕС прасоўванню дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Падставай для пазачарговага пасяджэння палітычнага камітэта ЕС стаў дыпламатычны канфлікт паміж Мінскам і Стакгольмам.

1 жніўня беларускія ўлады паведамілі Швецыі аб непрацягу акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці.

У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.

8 жніўня МЗС Беларусі аб'явіў аб адкліканні ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме. Шведскаму боку рэкамендавана прыняць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска да 30 жніўня. //БелаПАН

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны