Навіны Навіны Руху

«Парламент, які ёсць сёння, нашу краіну зусім не ўпрыгожвае»

«Парламент, які ёсць сёння, нашу краіну зусім не ўпрыгожвае»

2467 Праглядаў Мінск
Вечарам 8 жніўня ў сталічным мікрараёне Уручча, каля ўніверсама «Рублёўскі» па вул. Вадалажскага, 6, члены ініцыятыўнай групы лідара Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча збіралі подпісы ў падтрымку вылучэння яго кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць палітыка, быў і экс-парламентарый генерал у адстаўцы Валерый Фралоў. "На гэтых выбарах я падтрымліваю Аляксандра Мілінкевіча, — сказаў ён у інтэрв'ю БелаПАН. — Даўно яго ведаю, прычым не як актывіста, а як намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама. Я тады служыў у Гродне, мы заўсёды знаходзілі агульную мову, і вось ужо колькі гадоў прайшло — заўсёды з задавальненнем сустракаюся з гэтым чалавекам".

"Нашай уладзе за шмат гадоў час зразумець нейкія рэчы, — разважае Фралоў. — Думаю, у дастаткова складаных для краіны ўмовах неабходна штосьці пакрысе пачынаць мяняць, у тым ліку ў парламенце. Я там працаваў, быў у складзе парламенцкай групы — спрабавалі выступаць, за што нас "выхоўвалі". Той парламент, які ёсць сёння, нашу краіну зусім не ўпрыгожвае і карысці не прыносіць".

"Адносна выбараў у нас ілюзій няма, мы — людзі рэальныя, — дзеліцца Мілінкевіч. — У нашай акрузе ў склад участковых камісій ніхто з вылучэнцаў Руху "За Свабоду" не трапіў. А ўвесь жа лёс выбараў вырашаецца менавіта ва ўчастковых камісіях. Здзіўлення наконт гэтага вялікага няма, хаця я расчараваны тым, што ўлада ўсё-такі не збіраецца рабіць хоць маленькія крокі па лібералізацыі. Без таго, каб у парламенце не з'явіліся людзі з альтэрнатыўным меркаваннем, не з'явіліся дыскусіі з абмеркаваннем розных законапраектаў, у нас не будзе развіцця. Многія людзі, з якімі мы сустракаемся пры зборы подпісаў, так і кажуць: "Нават калі мы вас і не падтрымліваем, усё ж упэўнены, што там павінны быць людзі з рознымі меркаваннямі, павінны быць спрэчка і канкурэнцыя праектаў". Пакуль гэтага няма, дарога вядзе да застою".

Паводле слоў лідара "За Свабоду", грамадства знаходзіцца ў дэпрэсіі, 60-70% людзей не вераць ні ўладзе, ні дэмакратыі, "у сябе не вераць". "А нам жа трэба праводзіць рэформы — ад гэтага нікуды не дзенемся. І калі грамадства не кансалідавана, не мае стратэгіі, лідараў, гэта вельмі сур'ёзна б'е па нашых перспектывах", — упэўнены Мілінкевіч.

Ініцыятыўная група ўжо сабрала неабходную колькасць подпісаў для вылучэння Мілінкевіча кандыдатам у дэпутаты.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 23 верасня.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны