Навіны Навіны Руху

Мілінкевіч: Дапамагчы мадэрнізаваць Беларусь здольная толькі Еўропа

Мілінкевіч: Дапамагчы мадэрнізаваць Беларусь здольная толькі Еўропа

1752 праглядаў Мінск
Разынка праграмы Мілінкевіча — еўрапеізацыя краіны праз рэформы. Ці не з’яўляецца гэта ўтопіяй, ва ўмовах, калі афіцыйны Мінск абвастрае канфлікт з Еўразвязам? Пра гэта з палітыкам гутарыць карэспандэнт БелаПАН.

Лідар Руху "За Свабоду", супернік Лукашэнкі на выбарах-2006 Аляксандр Мілінкевіч усё ж пайшоў на парламенцкія выбары, у адносінах да якіх апазіцыя падзялілася на два лагеры. Ён вылучаецца па сталічнай Уручскай 109-ай акрузе.

– Вы заявілі, што збіраецеся прапанаваць выбаршчыкам праграму рэформаў для Беларусі з улікам досведу і памылак посткамуністычных краінаў ЕС – Эстоніі, Славакіі, Польшчы, Чэхіі і іншых. На якой стадыі гэтая праграма і ў якой форме Вы збіраецеся яе прэзентаваць?

– У акрузе, па якой я вылучаюся, па нашай просьбе спецыялісты правялі сацыялагічнае даследаванне. Да 90% кажуць пра неабходнасць эканамічных рэформаў.

Людзі разумеюць, што патрэбна мадэрнізацыя, патрэбныя новыя тэхналогіі, канкурэнтная прадукцыя. І, чаго не было раней, большасць адзначае важнасць палітычных рэформаў. Раней казалі: дайце нам зарабіць, а сістэму не чапайце. Зараз пачынаюць разумець сувязь паміж першым і другім.

Тут вельмі дарэчна ўпісваецца "Народная праграма", якую распрацоўвае Рух "За Свабоду".

– На сайце "Народнай праграмы" падкрэсліваецца: вось, кожны беларус можа выказацца пра шляхі трансфармацыі краіны. Але народ у асноўным пасіўны. Ці не наіўна спадзявацца, што даяркі і токары сядуць за канцэптуальныя распрацоўкі? Рэформы распрацоўваюць эксперты. Ці не пахне "Народная праграма" паказухай?

– Назва не азначае, што праграму піша народ. У яе стварэнні прымалі ўдзел больш за сорак экспертаў, аналітыкаў. Яны выпрацавалі свае рэкамендацыі адносна рэформаў у эканоміцы, фінансавай сферы, медыцыне, адукацыі і г.д. А "народная" значыць, што гэтыя людзі выязджалі ў розныя гарады і абмяркоўвалі праграму ў мэтавых групах. То бок выносілі ідэі ў народ. Дакладней, на суд тых, хто працуе ў адпаведных галінах. Канешне, гэта не значыць, што эксперты ўпіхваюць у праграму ўсе прапановы. Але пэўныя моманты шліфуюцца.

Дарэчы, калі абмяркоўвалі рэформу ЖКГ, да нас нават профільны міністр завітаў. Хаця ў цэлым, шчыра кажучы, чыноўнікі ўвагай не бэсцяць, але мы іх усё роўна настойліва запрашаем.

Затое сацыял-дэмакрат Валерый Фралоў, які таксама вылучаецца ў дэпутаты, нядаўна зайшоў і выказаў сваё жаданне запазычыць некаторыя ідэі з "Народнай праграмы". Так што прадукт запатрабаваны!

Другі момант. Нашай мэтай было, каб абмеркаванне праграмы падштурхнула людзей памарыць пра новую Беларусь. Каб яны не толькі скардзіліся на негатыў.

Нарэшце, трэцяя задача – узняць хвалю дыскусіі, якія ж рэформы патрэбныя краіне.

– І як вы лічыце, якія перш за ўсё?

Калі мы хочам эканамічнага прагрэсу, трэба развіваць малы і сярэдні бізнес, гэта ўсім вядома. Прыватызацыя – гэта не самамэта, але без яе не атрымаецца.

Калі мы вядзем гаворку пра мадэрнізацыю, то трэба шчыра прызнаць: тут нашыя галоўныя партнёры – не Расія, не Кітай і не Венесуэла, а Еўрапейскі саюз. І не трэба спасылацца на тое, што ў Еўрасаюзе крызіс. Як раз у крызісны час і важна інвеставаць у новыя тэхналогіі і выкарыстоўваць тую адносна танную і кваліфікаваную працоўную сілу, што ў нас ёсць.

То бок еўрапейцы зацікаўлены, іншая справа, што інвестыцыйны клімат у нас застаецца кепскім. Пад інвестыцыі неабходна падвесці стабільнае, спрыяльнае заканадаўства.

І, канешне, важна дэцэнтралізаваць кіраванне эканомікай.

– І як вы збіраецеся вучыць беларусаў рэформам на вопыце і памылках посткамуністычных краінаў ЕС?

– Пакуль выкарыстоўваем інфармацыю з інтэрнэта, але пасля выбараў пачнем працу з экспертамі з Літвы, Чэхіі, Польшчы, Эстоніі, Славакіі і іншых краінаў – новых сябраў ЕС. Да нас нават легендарны Бальцэровіч гатовы прыехаць. Усё ж такі польскі досвед трансфармацыі ў асноўным пазітыўны.

– Але ж ці многія беларусы гатовыя, як у свой час палякі, трываць нястачы, шокавую тэрапію?

– У прынцыпе, я не лічу яе злом. Калі хвораму патрэбная хірургічная аперацыя, недарэчна рэзаць патроху цягам некалькіх дзён. Але ў Беларусі, магчыма, давядзецца праводзіць рэформы павольней, чым хацелася б. Мы праскочылі той момант пасля распаду СССР, калі можна было зрабіць шокавую тэрапію.

Пры гэтым, як вынікае з сустрэч з выбаршчыкамі, усведамленне неабходнасці рэформаў у беларусаў усё ж узмацняецца.

– Хочуць беларусы пераменаў ці не – што ад іх залежыць? Па сутнасці ж, усё ў краіне вырашае адзін чалавек. А ён, мякка кажучы, ніколі не выглядаў вялікім прыхільнікам рэформаў. Тым больш што зараз Расія падкінула пернікаў. Навошта рэжыму шукаць дабра ад дабра?

– Эканамічны аналіз паказвае: выратаванне для нас не там, яно – часовае. Так, расійская дапамога дапамагае пакуль утрымаць перадкрызісную сітуацыю, але крызіс усё роўна набліжаецца.

І потым, Масква нічога не дорыць проста так, яна патрабуе здачы лепшых актываў, па сутнасці – здачы эканомікі. Гэтыя жорсткія ўмовы Крамля плюс пагроза увядзення расійскага рубля ўсё ж, я мяркую, мусяць падштурхнуць улады да пэўных зменаў у эканоміцы.

Яшчэ адзін фактар – уступленне Расіі ў СГА (Сусветную гандлёвую арганізацыю). Заўтра, калі рынак Мытнага звязу будзе адкрыты для ўсяго свету, калі знізяцца пошліны, калі Масква будзе вымушана падняць цэны на газ, нафту, шмат якія беларускія вырабы зробяцца неканкурэнтаздольнымі. Узнікнуць вялікія праблемы са збытам тых жа МАЗаў, трактароў "Беларус".

Ва ўладзе ёсць людзі, якія разумеюць, што спрыяльная кан’юнктура за кошт Расіі – гэта часова. І тут стоадсоткава ўзнікае неабходнасць выпраўляць адносіны з Еўропай.

Таму не выключаю, што рэформы можа распачаць і гэтая ўлада. Калі не распачне – іх будуць праводзіць іншыя.

– Сярод аглядальнікаў існуе меркаванне: маўляў, ініцыятыву "Еўрапейскі дыялог пра мадэрнізацыю з Беларуссю" Брусель распачаў, каб адчапіцца, каб паказаць, што не паставіў крыж на "апошняй дыктатуры Еўропы". Ініцыятыву крытыкуюць за волкасць, а самае галоўнае – за адсутнасць ясных перспектыў рэалізацыі. Улада ўсё ж паказала, што не хоча ў ёй удзельнічаць, а без яе палітычнай волі ўсе напрацоўкі экспертаў зноў пойдуць у стол, як гэты было і раней. У чым тут навізна?

– Перш за ўсё, я не думаю, што Еўразвяз мусіць пісаць нам план рэформаў. Гэтым павінны займацца людзі, якія будуць гэтыя рэформы рэалізоўваць.

Між тым, сур’ёзнай дарожнай мапы выхаду з крызісу, плану трансфармацыі няма ні ва ўладаў, ні ў апазіцыі. Але ж для мадэрнізацыі, для нейкага – у ідэальным выпадку – новага плану Маршала для Беларусі неабходна сур’ёзнае абгрунтаванне.

Акрамя таго, да людзей, якія рэалізуюць план рэформаў, павінен мецца вялікі давер. Але ва ўладаў такога крэдыту даверу няма. Адным з варыянтаў мог бы быць круглы стол з грамадскай супольнасцю, з апазіцыяй у шырокім сэнсе слова.

Сёння гэта падаецца ўтопіяй, але можа зрабіцца рэальнасцю пры паглыбленні крызісу. У камуністычнай Польшчы ўлады таксама доўгі час не хацелі садзіцца з "Салідарнасцю" за круглы стол… але ёсць у гісторыі сітуацыі, калі дыялог – адзіная магчымасць пазбегнуць крывавага варыянту.

Гісторыя Еўропы дэманструе: аўтарытарныя рэжымы, дыктатуры – успомніце "чорных палкоўнікаў" у Грэцыі, рэжым Франко ў Гішпаніі – ці зыходзілі адразу, ці былі вымушаны паступова саступаць і здавацца, і прычынай заўсёды была эканоміка.

Ну а пакуль вялікая праблема яшчэ і ў тым, што Лукашэнка і Еўразвяз не давяраюць адзін аднаму. Пасля Плошчы сюжэт разгортваўся па прынцыпе "вока за вока, зуб за зуб".

– І працягвае разварочвацца, мяркуючы па фактычнай высылцы з Беларусі шведскага пасла Стэфана Эрыксана…

– Абодвум бакам важна захаваць аблічча: беларускаму рэжыму – аўтарытарнае, Бруселю – дэмакратычнае. А між тым, без камунікацыі ніякі дыялог немагчымы. Кожны з бакоў мусіць зрабіць нейкія крокі насустрач.

Пры гэтым пазіцыю ЕС па пытанню палітвязняў я лічу высокамаральнай. І тут мяч на баку Мінска, палітвязні павінны быць вызваленымі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны