Навіны Навіны Руху

Аскепкі бальшавізму

Аскепкі бальшавізму

1844 праглядаў Мінск
Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне Брэсцкага абласнога суда. Выбаршчыкаў пазбавілі права індывідуальна абскарджваць неўключэнне ў выбарчыя камісіі іх вылучэнцаў.

У Мінску адбыліся слуханні па скарзе выбаршчыка з Брэста, які сярод іншых трынаццаці грамадзян вылучаў шляхам збору подпісаў каардынатара Руху «За Свабоду» Дзяніса Турчаняка ў склад Брэсцкай заходняй акруговай камісіі № 1. Выбаршчыкі (да індывідуальнай скаргі далучыліся яшчэ два чалавекі) абскарджвалі рашэнне Брэсцкага абласнога суда, які адмовіўся разглядаць скаргу на адмову ўключыць у акруговую камісію каардынатара Руху «За Свабоду».

Паводле прадстаўніка пракуратуры Ірыны Кавальчук, абласны суд правільна трактаваў нормы выбарчага права. З яе слоў, паколькі была пададзена адзіная заява ад групы выбаршчыкаў, а не кожным выбаршчыкам асобна, скаргу ў суд нібыта мусілі падаць усе падпісанты.

Вярхоўны суд пастанавіў пакінуць рашэнне абласнога суда без зменаў, а скаргу выбаршчыкаў без задавальнення. То бок, грамадзяне паасобку нават не могуць абскардзіць рашэнне мясцовых уладаў адносна фарміравання выбарчых камісій. Нібыта права на вылучэнне ў камісіі носіць калектыўны характар. Падаваць скаргу ў дадзеным выпадку, на думку ВС, мусяць усе людзі, якія вылучалі свайго прадстаўніка ў камісію, што можа ствараць непераадольныя фармальныя перашкоды.

«Напрыклад маё вылучэнне падтрымае 10 чалавек, а адзін з іх не зможа падпісаць заяву ў суд (ён можа раптоўна з’ехаць, не дай Бог, захварэць альбо памерці). Тады астатнія не змогуць падаць скаргу, бо не хапае аднаго подпісу. Правы астатніх 9 грамадзян на абскарджванне рашэння ўладаў будуць парушаны і пастаўлены ў залежнасць ад аднаго грамадзяніна. Але права на зварот у дзяржорганы, а таксама ў суд са скаргамі належыць асабіста кожнаму грамадзяніну», — заўважае Дзяніс Турчаняк.

Не дзіўна, што рашэнне Вярхоўнага і абласнога судоў не задавальняе заяўнікаў і вылучэнца ў акруговую выбарчую камісію, хоць яно і было чаканым.

«Былі спадзевы, што суд прыме рашэнне ў абарону правоў грамадзян, аднак палітызацыя судовай сістэмы зрабіла сваю справу. Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне суда, якое мы лічым незаконным, якое парушае канстытуцыйныя правы не толькі на ўдзел у выбарчым працэсе, але і на зварот у суд за абаронай парушанага права, гэта значыць, на доступ да правасуддзя. Лічу неабходным падаць скаргу ў Камітэт па правах чалавека на адмову ў правасуддзі, паколькі парушана права кожнага заяўніка на справядлівае судовае разбіральніцтва, прадугледжанае пунктам 1 артыкула 14 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах» — дадае Дзяніс Турчаняк.

Нажаль, у рашэннях беларускай феміды прэвалюе падыход, які нам застаўся ў спадчыну ад бальшавіцкага мінулага. У самых кепскіх савецкіх традыцыях інтарэсы і правы асобных грамадзян прыносяцца ў ахвяру інтарэсам, рытарычна, большасці, а па сутнасці — інтарэсам дзяржавы. Адзін чалавек — ніхто, вінцік сістэмы. Толькі з масай улада нібыта згодна лічыцца. Індывідуальную скаргу грамадзяніна па фарміраванні камісіяў суд нават не хоча разглядаць, не тое што прымаць нейкае рашэнне на карысць грамадзяніна.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны