Навіны Аналітыка

Ці гатова грамадства да мадэрнізацыі па-еўрапейску?

Ці гатова грамадства да мадэрнізацыі па-еўрапейску?

2084 праглядаў Мінск
Пытанні аб тым, як праводзіць у Беларусі рэформы і з чаго пачынаць, падымаліся экспертнай супольнасцю неаднаразова. Новы віток дыскусіі разгортваецца ў сувязі з ініцыятывай ЕС «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю».

Аднак мала хто закранае пытанне рызык, якія могуць паўстаць ўжо пры правядзенні мадэрнізацыі, пішуць Naviny.by.

Як правіла, у экспертных колах абмяркоўваюцца праблемы, якія могуць стаць перашкодай для пачатку рэформаў. Але не варта забываць, што і на наступных этапах мадэрнізацыі можа сустрэцца мноства складанасцяў. Так, вельмі няпроста забяспечыць падтрымку рэформаў насельніцтвам, а ў асаблівасці моладдзю.

Вопыт краін, якія прайшлі праз трансфармацыю эканамічнай і палітычнай сістэмы, дазваляе казаць аб тым, што ухвала рэформаў насельніцтвам з'яўляецца адным з асноўных фактараў, ад якіх залежыць поспех мадэрнізацыі.

Пачатыя рэформы могуць быць замарожаныя, таксама цалкам магчыма вяртанне да дарэформенага стану ў выпадку, калі насельніцтва будзе настроена супраць рэформаў. Як правіла, у большасці краін Усходняй Еўропы мадэрнізацыйныя працэсы праходзілі на хвалі чакання рэформаў. Насельніцтва краін былога сацыялістычнага лагера выразна ўсведамляла іх неабходнасць і іх праеўрапейскі характар.

Яскравы прыклад гэтаму – падтрымка насельніцтвам плана Бальцэровіча ў Польшчы на мяжы 1990-х гадоў. Нягледзячы на велізарную інфляцыю, якая сягала 50% у месяц, палякі ўсё роўна падтрымлівалі шокавую тэрапію. Шмат у чым падобная сітуацыя назіралася і ў іншых усходнееўрапейскіх краінах.

Расколатая краіна

У Беларусі ж сёння сітуацыя зусім іншая. Так, па дадзеных чэрвеньскага апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, 77,3% рэспандэнтаў лічаць, што краіна мае патрэбу ў пераменах. Але гэта не азначае гатоўнасці насельніцтва да рэформаў і выбару еўрапейскага шляху развіцця.

Так, у адрозненне ад грамадзян краін былога сацлагера, беларусы не кансалідаваны ў плане выбару геапалітычнага вектару. Наадварот, грамадства расколатае ў гэтым пытанні практычна напалову – на прыхільнікаў збліжэння з Расіяй і тых, хто за еўраінтэграцыю.

Калі паглядзець дынаміку грамадскай думкі ў пытанні аб гіпатэтычным выбары паміж уступленнем у ЕС і аб'яднаннем з Расіяй, то пераважная колькасць галасоў была то на баку Еўропы, то на баку Расеі. Як правіла, вялікага адхилення ў адзин або іншы бок не назіралася, а на трэнд шмат у чым ўплывала рыторыка ўладаў. Прычым у апошнія паўгода перавага была на ўсходнім баку. Па выніках чэрвеньскага апытання за аб'яднанне з Расіяй выказаліся 43,6% апытаных, а за ўступленне ў Еўрапейскі саюз – 39,8%.

Такая палярызацыя можа сапсаваць справу, калі мадэрнізацыя ўсё ж будзе запушчана. Раскол у грамадстве здольны рэзка абвастрыцца, што затармозіць мадэрнізацыйныя працэсы. Масква можа скарыстацца гэтым і перашкодзіць курсу Беларусі на Захад. У гэтым выпадку вельмі верагодны адкат да дарэформенага стану.

Акрамя гэтага, важным пытаннем застаецца стаўленне беларусаў да рэформаў еўрапейскага ўзору. Як адрэагуе насельніцтва, якое звыкла да сацыяльных гарантыяў і субсідый дзяржавы, на сітуацыю, калі дзяржава перастане быць донарам?

Да таго ж вельмі красамоўная карціна чаканняў беларусаў. Так, хоць больш за 70% насельніцтва лічаць, што перамены патрэбныя, 38,5% рэспандэнтаў не чакаюць змен у сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне ў бліжэйшы час, а 30,4% чакаюць пагаршэння сітуацыі.

Такім чынам, насельніцтва хоча зменаў, але паляпшэнняў не чакае. Не выклікае аптымізму і ўзровень даверу насельніцтва як да ўладаў, так і да апазіцыі. Якое можа быць адабрэнне рэформаў, калі няма даверу да асоб, якія іх ўзяліся праводзіць?

Чвэрць беларускага грамадства, згодна з сакавіцкім апытаннем НІСЭПД, ускладае надзеі на змяненне сітуацыі на прадстаўнікоў грамадства, не звязаных ні з уладай, ні з апазіцыяй. Але 49,7% апытаных не ведаюць, з кім наогул звязаць надзеі на змену сітуацыі.

Моладзь: апора, што знікае

Асаблівую ролю ў трансфармацыйных працэсах заўсёды гуляла моладзь. Гэтая група насельніцтва найбольш актыўна падтрымлівае рэформы і спрыяе іх ажыццяўленню. Маладыя людзі – гэта свайго роду стейкхолдеры мадэрнізацыі. Улічваючы настроі беларускага грамадства, можна сказаць, што найбольшую надзею для рэфарматараў падаюць маладыя людзі да 30 гадоў.

Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года, 24% выбаршчыкаў – гэта моладзь ва ўзросце да 24 гадоў. Менавіта сярод гэтай групы найбольшай папулярнасцю карыстаюцца праеўрапейскія настроі.

Згодна з чэрвеньскім апытання НІСЭПД за ўступленне Беларусі ў ЕС выказаліся 68,8% апытаных ва ўзросце 18-19 гадоў і 58,3% ва ўзросце 20-24 гады. Аднак у гэтых лічбаў ёсць і адваротны бок.

На пытанне аб жаданні з'ехаць вучыцца або працаваць у іншую краіну адмоўна адказалі толькі 16,6% асоб ва ўзросце ад 19 да 29 гадоў. Такім чынам, значная частка беларускай моладзі гатова пакінуць краіну пры пэўнай магчымасці.

Праблему адтоку моладзі за мяжу рэфарматарам трэба будзе вырашаць у першачарговым парадку, бо інакш яны пазбавяцца неабходнай падтрымкі.

Людзям, якія распрацоўваюць рэформы ў Беларусі, варта ўвесь час задаваць сабе пытанне, якія рэформы неабходныя для моладзі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны