Навіны Навіны Руху

Людзі нікому не вераць, але спадзяюцца на змены да лепшага

Людзі нікому не вераць, але спадзяюцца на змены да лепшага

1989 Праглядаў Мінск
«Ключавое слова, якое падштурховае людзей ставіць подпіс у маю падтрымку, гэта «перамены», — падзяліўся з карэспандэнтам «Салідарнасці» Аляксандр Мілінкевіч.

"Улада вінаватая, Што людзі нікому не вераць"

Лідэра Руху "За Свабоду", экс-кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года Аляксандра Мілінкевіча на пікетах па зборы подпісаў народ пазнае, хоць у мінулай прэзідэнцкай кампаніі палітык не ўдзельнічаў. Тым не менш, у яго падтрымку аддаюць подпісы не толькі тыя, хто спачувае дэмакратам, але і электарат Лукашэнкі.

"Ключавое слова, якое падштурховае людзей ставіць подпіс у маю падтрымку, гэта "перамены", – падзяліўся з карэспандэнтам "Салідарнасці" Аляксандр Мілінкевіч. – Гэтае слова купляе і прыхільнікаў улады, і апазіцыі, і абыякавых людзей. Абсалютна ўсе хочуць пазітыўных пераменаў. Калі нядаўна, перад выбарчай кампанiяй, мы праводзілі сацыялагічнае апытанне ў розных акругах, высветлілася, што больш за 70 % хочуць эканамічных пераменаў, а палітычных на 10 % менш. Гэта таксама вялікі зрух у грамадстве. Людзі разумеюць, што эканамічныя перамены звязаны з палітычнымі і наадварот. Аддаюць подпісы, што прыемна, нават тыя, хто не падтрымлівае дэмакратаў, але хацелі б, каб ва ўладзе былі розныя думкі, была дыскусія. На выбарах 2006-га і ў 2008-ым падыходзілі на пікетах агрэсіўныя людзі, якія абражалі. Цяпер тыя, хто нас не падтрымліваюць, ціха праходзяць міма.

У той самы час мяне непрыемна ўразіла тое, што велізарная колькасць людзей не верыць нікому: ні ўладзе, ні апазіцыі, ні выбарам. Такое апатычнае грамадства ў краіне, дзе столькі праблемаў, якія трэба вырашаць. Гэта вельмі кепска. Не апазіцыя давяла людзей да такога стану. Улада вінаватая, што яны нікому не вераць. Каб праводзіць рэформы, вельмі патрэбная мабілізацыя грамадства. Трэба думаць, як нам з гэтага стану выходзіць. У постсавецкай Літве, Польшчы людзі былі на ўздыме, ім было лягчэй рабіць пераўтварэнні. Вельмі важна сказаць людзям, што ёсць тыя, хто ведае, як рабіць перамены. Нашая задача – пераканаць у гэтым беларусаў."

Сябры ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, выстаўляючы пікеты па зборы подпісаў, сутыкаліся з праблемамі. З крамаў выходзілі прадстаўнікі адміністрацыі і патрабавалі, каб арганізатары пікету сышлі.

"Мы казалі, Што ў краіне ўжо дэмакратыя, – усміхаецца палітык. – І паказвалі пасведчанні ад акруговай камісіі".

І хоць лідэр Руху "За Свабоду" ўжо сабраў неабходную тысячу подпісаў, ён мае намер працягнуць сустракацца з народам. Так што прыйдзецца гандлёвым установам пацярпець апазіцыянера да 13 жніўня – апошняга дня, калі акруговыя выбарчыя камісіі прымаюць дакументы ад ініцыятыўных груп.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны