Навіны Навіны Руху

Брэст: «ад дзвярэй да дзвярэй» па подпісы

Брэст: «ад дзвярэй да дзвярэй» па подпісы

2774 праглядаў Брэст
На Брэстчыне пачалі зьяўляцца першыя пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты парламэнту. Карэспандэнт «Свабоды» прайшоўся с каардынатарам Руху «За Свабоду» Дзянісам Турчаняком у пошуках подпісаў па кватэрах.

«Адчыніце, калі ласка, дзьверы ў пад’езд, мы зьбіраем подпісы... Дзякуй», — такімі словамі пачынаецца шлях да выбарцаў Дзяніса Турчаняка, зьбіральніка подпісаў падчас кампаніі «ад дзьвярэй да дзьвярэй».

Спадар Турчаняк зьбірае подпісы за незалежнага кандыдата Аляксандра Мельніка ў першай берасьцейскай выбарчай акрузе:

«Добры дзень, мы зьбіраем подпісы за вылучэньне Аляксандра Мікалаевіча Мельніка ў парлямэнт...»

Спадарыня: «А хто такі Аляксандар Мельнік?»

Турчаняк: «Ён карэнны берасьцеец, яму 54 гады, у дадзены момант працуе інжынэрам. А ўвогуле ў яго вайсковае мінулае, ён лётчык».

Пасьля такога дыялёгу і некаторых іншых пытаньняў спадарыня падпісваецца. Аднак не заўсёды збор подпісаў прыносіць такія хуткія вынікі. Часта людзей няма дома, або жыхары прапісаныя ў іншай выбарчай акрузе:

Спадарыня: «Не, не прапісаная тут...»

Або бываюць і такія адказы:

Спадарыня: «Мы не беларусы...»

Нягледзячы на гэта, кажа Дзяніс Турчаняк, хаджэньне па кватэрах — найбольш эфэктыўны спосаб зьбіраць подпісы:

«Вядома, найбольш эфэктыўна — гэта абыход ад кватэры да кватэры, таму што ахопліваецца менавіта непасрэдная мэтавая аўдыторыя. То бок калі стаіць пытаньне — сабраць хутка і шмат, то найбольш эфэктыўна гэта рабіць, ідучы ад кватэры да кватэры».

Што да стаўленьня да выбараў, кажа Дзяніс Турчаняк, людзі, у асноўным, досыць пасіўныя:

«Вялікі працэнт людзей выказвае да выбараў увогуле нэгатыўныя адносіны, таму што людзі з году ў год падманваюцца ў сваіх спадзяваньнях. Яны бачаць, што галасуюць за адных, а прыходзяць туды зусім іншыя людзі».

На наступнай жа лесьвічнай пляцоўцы сталы мужчына пацьвярджае гэтую думку Турчаняка. Відавочна было, што мужчына нават не разумеў, пра якія выбары ідзе гаворка:

Спадар: «А на каго менавіта?.. Кім ён балятуецца?»

Пасьля непрацяглых тлумачэньняў мужчына запрашае ў кватэру, дастае пашпарт і падпісваецца. Да выбараў ён ставіцца досыць апатычна. Кажа, што пойдзе галасаваць, калі ня трэба будзе адрывацца ад працы:

«Галоўнае, каб працы ў гэты час не было (сьмяецца). У мяне такая праца, у мяне і ў нядзелю бывае праца, і ў суботу...»


Аднак, калі мы ўжо выходзілі, мужчына сказаў усьлед, што лічыць удзел у выбарах проста змарнаваным часам.

Спадар ставіць подпіс за вылучэньне кандыдата ў дэпутаты

Дзяніс Турчаняк перапісвае дадзеныя з пашпарту

Ужо многія незалежныя прэтэндэнты на Берасьцейшчыне заявілі, што сабралі палову неабходных подпісаў за вылучэньне кандыдатам у парлямэнт. Больш за 500 подпісаў сабраў вышэйзгаданы Аляксандар Мельнік, лічбай 650 подпісаў за 4 дні пахваліўся «Свабодзе» Віталь Каратыш, які вылучаецца па Лунінецкай выбарчай акрузе. Збор подпісаў працягнецца да 13 жніўня.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны