Навіны Навіны Руху

На Беларусі адлічвае час унікальны для Еўропы гадзіннік

На Беларусі адлічвае час унікальны для Еўропы гадзіннік

2707 Праглядаў Гродна
Гадзіннік на вежы Фарнага касцёла ў Гародні — мясцовы старажыл. Гэта адзіны ў Еўропе гадзіннік пачатку XVI стагоддзя з большасцю аўтэнтычных дэталяў.

Я стаю ў вузкім калідорчыку. Перада мной стромкая вінтавая лесвіца. На сценах, якія яна агібае, – карункі з павуціння. Прыглушанае святло лямпачкі паказвае мне дарогу наверх. Каб убачыць знутры ўнікальны ў Еўропе гадзіннік, мне трэба ўскараскацца на 30 метраў уверх.

Гадзіннік на вежы Фарнага касцёла ў Гародні – мясцовы старажыл. Гэта адзіны ў Еўропе гадзіннік пачатку XVI стагоддзя з большасцю аўтэнтычных дэталяў. Напрыклад, страсбургскі старэйшы за наш дзесьці на сто гадоў, але ў ім толькі дзве аўтэнтычныя дэталі.

У 1496 годзе вялікі князь Аляксандр з Ягайлавічаў падпісаў акт аб наданні Гародні Магдэбургскага права. І дазволіў пабудаваць "Ратушу і Гадзіннік". Апошні захаваўся да сённяшняга дня. Мясцовую ратушу разбурылі ў сярэдзіне XVII стагоддзя падчас расійскай навалы. Цар Аляксей Міхайлавіч спаліў горад. Гадзіннік цудам захаваўся, але не працаваў, аднавіць яго не было сродкаў. Калі ў Гародню прыйшлі езуіты, перанялі гадзіннік у горада і размясцілі ў сваім калегіюме. А ў 1725 годзе ён быў усталяваны ў Фарным касцёле. У той час на гадзінніку з’явіўся анкерны механізм з маятнікам і новыя цыферблаты. На пачатку XIX стагоддзя гадзіннік біў нерэгулярна. Паўнавартасна адрамантаваць яго перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна.

Для абслугоўвання гадзінніка гарадскія ўлады заўсёды наймалі спецыяльнага чалавека. Такі чалавек працуе тут і сёння. Гадзіннікавы майстар Іосіф Ясюкевіч 3-4 разы на тыдзень падымаецца па стромкай лесвіцы, каб змазаць, пачысціць, падкруціць механізм. Мужчына працуе тут з 1987 года.

– Колькі зарабляеце? – пытаюся я.

– Смецце! – махае рукой Іосіф.

А пасля шчыра прызнаецца, што заробак – усяго 500 тысяч. Але сваю працу ён робіць не дзеля грошай. Убачыць гадзіннік знутры Іосіф дазваляе толькі ў выключным выпадку. Сёння і ёсць такі выпадак.

Я павольна падымаюся па лесвіцы, трымаюся рукамі за цэглу, каб не паслізнуцца. Палова прыступак ачэплена драўлянымі дошкамі, таму не так страшна. А вось зараз пачнецца самае цікавае – прыступкі як яны ёсць. Без дошак, дзесьці абваленыя, коўзкія. Добра, што парэнчы зрабілі. Тут адразу бачна, хто не любіў у школе фізкультуру, але яшчэ трохі – і я каля мэты.

Я зварочваю за драўляную будку і бачу перад сабою механізм: нейкія калёсікі, ланцужкі. Ані маленькіх жалезных чалавечкаў унутры, ані музыкі… Каб мне не сказалі, што ён вельмі каштоўны, я б і не здагадалася. На сцяне ля гадзінніка вісяць дэталі і стаіць ікона.

Гадзіннік пачаў працаваць у канцы 80-х. Актыўны ўдзел у яго аднаўленні прымаў гарадзенец, на той час дацэнт кафедры агульнай і тэарэтычный фізікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч. У апошні раз гадзіннік рэстаўравалі ўжо ў канцы 90-х. "Тады да нас прыехалі спецыялісты з Лабараторыі навуковай рэстаўрацыі гадзіннікаў і музычных механізмаў Эрмітажу, – апавядае Аляксандр Мілінкевіч. – Калі яны ўбачылі гадзіннік, ледзьве не плакалі. Казалі, гэта такі вялікі цуд, што нават бясплатна дапамаглі яго адрэстаўраваць. Да таго ж былі ўдзячныя, што ім дазволілі гэта зрабіць".

…Да спуску ўніз з гадзіннікавай вежы рыхтуюся маральна. Прымаю рашэнне рабіць гэта седзячы: спускаю ногі на дальнюю прыступку, перасоўваюся на бліжэйшую. І так тры вінтавыя абароты лесвіцы. Як толькі пачынаюцца драўляныя прыступкі, падымаюся. І ў такім выглядзе – з вежы адразу кіруюся ў касцёл. І няхай я падаюся людзям у касцёле блазнам, затое цяпер я дакладна ведаю, як выглядае адзіны ў Еўропе гадзіннік пачатку XVI стагоддзя з большасцю аўтэнтычных дэталяў.


















Наталля Касцюкевіч, Tut.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны