Навіны Навіны Руху

Меляшкевіч: Патрэбны адкрыты разгляд сітуацый з палітзняволенымі

Меляшкевіч: Патрэбны адкрыты разгляд сітуацый з палітзняволенымі

2179 Праглядаў Мінск Глыбокае
20 ліпеня палітзняволены Зміцер Дашкевіч адзначыць дзень народзінаў (яму будзе 31 год). Кіраўнік мінскага гарадского аддзялення Руху «За Свабоду» Юрась Меляшкевіч збіраецца даслаць яму віншавальную паштоўку ад свайго імя і ад імя арганізацыі. А днямі лісты ад яго, прысвечаныя лёсу Змітра, пайшлі да кіраўнікоў беларускай пенітэнцыярнай сістэмы. Іх атрымалі начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС і начальнік папраўчай калоніі № 13 у Глыбокім, дзе ўтрымліваецца ў антыгуманных умовах палітвязень.

Юрась Меляшкевіч напісаў ім у сувязі з інфармацыяй, якая з’явілася нядаўна ў СМІ наконт сітуацыі вакол Дашкевіча ў глыбоцкай калоніі: «Сутнасць гэтых звестак палягае ў тым, што на палітычнага зняволенага Змітра Дашкевіча аказваецца адмысловы ціск з боку адміністрацыі калоніі. Для гэтага выкарыстоўваюцца ўсе сродкі, якія інакш як здзекам і катаваннем назваць не магчыма. Перш за ўсё гаворка вядзецца пра знаходжанне Змітра Дашкевіча ў адным памяшканні са зняволенымі, хворымі на розныя інфекцыйныя захворванні, выкарыстоўванне правакатараў з ліку зняволеных, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй калоніі, бясконцае з невялікімі перапынкамі знаходжанне ў ШІЗА (што не можа не ўплываць на стан здароўя палітвязьня), абмежаванне ў фінансавых сродках, якія палітзняволены можа выдаткоўваць на прадукты і тавары і г.д.»

На мінулым тыдні ад імя Змітра Дашкевіча была апублікавана заява на імя начальніка ПК-13, дзе ён адмовіўся падпарадкоўвацца правілам унутранага распарадка калоніі, якія ён лічыць незаконнымі, што паграджае яму новымі санкцыямі з боку ўладаў. «Разглядаю дадзеную заяву, як жэст адчаю, спробу прыцягнуць увагу грамадскасці да крытычнага становішча палітычных зняволеных», — кажа Меляшкевіч.

Меляшкевіч патрабуе спыніць катаванні і арганізаваць адмысловую камісію з ліку прадстаўнікоў Дэпартамента выканання пакарання, прадстаўнікоў ПК-13, прадстаўнікоў грамадскасці, а таксама беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, правесці адкрыты разгляд дадзенай сітуацыі сіламі камісіі непасрэдна з выездам у Глыбокае да ПК-13.

Такія самыя камісіі, па словах кіраўніка мінскага аддзялення Руху «За Свабоду», неабходна стварыць для адкрытага разгляду спраў ўсіх іншых палітзняволенных.

«Я хацеў звярнуць увагу прадстаўнікоў Дэпартамента выканання пакаранняў на незаконнасць іхніх дзеянняў датычна палітзняволеных, нагадаць ім пра адказнасць за ўжыванне катаванняў і здзекаў супраць іх. Таксама я спадзяюся на тое, што іншыя людзі адгукнуцца і праявяць сваю пазіцыю па гэтых ганебных сітуацыях», — сказаў у інтэрв’ю Pyx.by Юрась Меляшкевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны