Навіны Беларусь і Свет

Улады Беларусі супраць спецдакладчыка ААН

Улады Беларусі супраць спецдакладчыка ААН

1907 Праглядаў
Прыняцце Саветам ААН па правах чалавека ініцыяванай Еўрасаюзам рэзалюцыі па Беларусі сведчыць аб тым, што еўрапейскія краіны працягваюць выкарыстоўваць праваабарончую тэматыку ў якасці інструмента палітычнага маніпулявання і націску. Так Міністэрства замежных спраў Беларусі пракаментавала прыняцце 5 ліпеня рэзалюцыі СПЧ.

"Заканамерна тое, што, нягледзячы на ўсе намаганні ініцыятараў рэзалюцыі, большасць дзяржаў — членаў СПЧ — 25 з 47 — не падтрымалі гэтую рэзалюцыю (22 прагаласавалі за, 5 — супраць, 20 — устрымаліся. — БелаПАН.), — гаворыцца ў заяве МЗС. — Беларусь катэгарычна адхіляе гэтую рэзалюцыю як палітычна матываваную, якая не мае нічога агульнага з заахвочваннем правоў чалавека. Беларускі бок таксама не прызнае мандат спецыяльнага дакладчыка СПЧ па Беларусі, які ствараецца гэтай рэзалюцыяй, і не будзе з ім супрацоўнічаць".

Пры гэтым у МЗС адзначаюць: "Прызнаючы важнасць міжнародных механізмаў назірання за становішчам спраў у галіне правоў чалавека, Беларусь паслядоўна выступае за транспарэнтнасць, аб'ектыўнасць і невыбіральнасць як асноўныя прынцыпы ў працы гэтых універсальных структур".

Нагадаем, у рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў "неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітзняволеных", правесці "поўнае і транспарэнтнае расследаванне ўсіх паведамленняў аб прымяненні катаванняў і негуманным абыходжанні з палітзняволенымі", "неадкладна спыніць практыку адміністрацыйных затрыманняў прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, журналістаў і праваабаронцаў і не перашкаджаць іх свабоднаму перамяшчэнню, у тым ліку выездам за межы краіны".

Дакумент заклікае афіцыйны Мінск выканаць усе рэкамендацыі, што ўтрымліваюцца ў дакладзе вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб сітуацыі ў Беларусі, які быў прэзентаваны падчас сесіі СПЧ у Жэневе.

Рэзалюцыя таксама ўтрымлівае заклік да беларускага ўрада аб паўнавартасным супрацоўніцтве са спецдакладчыкам, даванні яму ўсёй неабходнай інфармацыі і магчымасцяў наведаць краіну.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны