Навіны Навіны Руху

«Палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі павінна быць асаблівай»

«Палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі павінна быць асаблівай»

2148 Праглядаў Берлін
Лідар Руху «За Свабоду» Аляксанд Мілінкевіч 27 чэрвеня, падчас свайго візіту ў Нямеччыну меў гутаркі з шэрагам афіцыйных асобаў. Ён падзяліўся з нямецкімі палітыкамі сваім бачаннем развіцця стасункаў паміж Беларуссю і краінамі ЕС.

У гэты дзень адбыліся сустрэчы з намеснікам начальніка групы па замежнай палітыцы CDU/CSU у бундэстагу, камісарам ураду па нямецка-расійскіх стасунках доктарам Андрэасам Шокенхофам, з кіраўніком ведамства федэральнага канцлера ФРГ Рональдам Пафалай, а таксама з міністрам замежных спраў Гіда Вестэрвэле.

Аляксандр Мілінкевіч падчас сустрэчаў з уплывовымі нямецкімі палітыкамі выказаў сваё бачанне развіцця стасункаў паміж Беларуссю і краінамі Аб'яднанай Еўропы, паступовай еўрапеізацыі нашай краіны праз падтрыманую Еўрасаюзам мадэрнізацыю.

Паводле лідара Руху "За Свабоду", зараз існуе відавочны канфлікт каштоўнасцяў і дэфіцыт крэдыту даверу паміж Беларуссю і ЕС. Першае давядзецца выпраўляць павольна і паступова, другое можна будзе пачаць адбудоўваць пасля вызвалення палітвязняў.

"Палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі не павінна быць такой, якой была палітыка да новых сябраў ЕС, кшталту Польшчы, Чэхіі, краін Балтыі. На першым месцы ў стасунках з Беларуссю мусіць быць прапанавана найперш партнёрства для мадэрнізацыі, падтрымка эканамічных рэформаў, а не "ўрокі дэмакратыі". Цягам пераўтварэнняў у эканоміцы і развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі сфармуюцца ўмовы для развіцця дэмакратыі", – мяркуе Аляксандр Мілінкевіч.

Беларускі палітык выказваў сваім суразмоўцам такую думку, што ў пабудове адносінаў (пасля таго, як будуць вызваленыя палітвязні) галоўную ролю павінна адыгрываць "дарожная мапа" па набліжэнні Беларусі да Еўразвяза, дзе будуць распісаныя канкрэтныя, абумоўленыя крокі з абодвух бакоў, накіраваныя на мадэрнізацыю Беларусі.

Лідар Руху "За Свабоду" лічыць, што Еўразвяз павінен паставіць галоўны акцэнт на паступовую транфармацыю краіны праз працу з грамадствам, праз падтрымку бізнесу і ўцягванне розных групаў грамадства ў інтэграцыйныя праекты.

Падчас сустрэчаў Аляксандра Мілінкевіча з нямецкімі ўрадоўцамі таксама шмат гаварылі пра небяспеку для Беларусі расійскай алігархічнай прыватызацыі і ўвядзення расійскага рубля.

Лідар Руху "За Свабоду" адзначыў для Рyx.by, што ягоныя нямецкія суразмоўцы разглядаюць Беларусь, як еўрапейскую краіну, якая мае еўрапейскую гісторыю, культуру і менталітэт, краіну, якая пасля выканання неабходных умоваў мае ўсе шансы далучыцца да агульнай еўрапейскай сям'і.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, незалежнасць Беларусі мае вялікае значэнне для Еўрасаюза і Нямеччыны, у прыватнасці, як фактар стабільнасці ва Усходняй Еўропе і дэмакратычнага шляху развіцця нашай краіны.

Нягледзячы на крызіс, Еўразвяз пасля заканчэння працы над праграмамі дыялога па мадэрнізацыі, пры ўмове правядзення ў Беларусі сапраўдных рынкавых рэформаў і паступовай лібералізацыі гатовы разглядаць магчымасць канкрэтнай фінансавай падтрымкі беларускай эканомікі.

 

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны