Навіны Навіны Руху

Спецдакладчыкі ААН будуць адсочваць дыскрымінацыю жанчын у беларускіх ізалятарах

Спецдакладчыкі ААН будуць адсочваць дыскрымінацыю жанчын у беларускіх ізалятарах

3059 Праглядаў Брэст
У межах справы брэстчанкі Інгі Абрамавай прызначаныя 3 спецдакладчыкі Камітэта ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, які прадстаўляў інтарэсы Абрамавай у гэтым міжнародным органе, актывістка руху "За Свабоду" Інга Абрамава накіравала індывідуальны зварот у Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын 22 снежня 2008 года. Да гэтага яна беспаспяхова абскардзіла ў беларускіх інстанцыях факты дыскрымінацыі яе ў ІЧУ Ленінскага РАУС Брэста.

Абрамаву затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў Брэсце 10 кастрычніка 2007 года разам з актывістам апазіцыі Юрыем Бакурам. Яны развешвалі сінія стужачкі на вадасцёкавых трубах дамоў, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да маючай адбыцца ў Мінску акцыі "Еўрапейскі марш".

11 кастрычніка за "нецэнзурную лаянку" актывістку асудзілі на пяць сутак адміністрацыйнага арышту, які яна адбывала ў ІЧУ Ленінскага РАУС.

У скарзе ў камітэт Абрамава заяўляла, што ў ізалятары яна адчувала дыскрымінацыю як жанчына. У прыватнасці, пісала актывістка, пры змяшчэнні ў ізалятар супрацоўнік дазволіў сабе дакрануцца да яе, а на яе пярэчанні супраць гэтага другі міліцыянер заявіў, што яны могуць яе зусім распрануць, што яна расцаніла як сексуальнае дамаганне. У далейшым супрацоўнікі ІЧУ дапускалі выказванні і дзеянні, якія абражаюць яе як жанчыну.

Такія факты дыскрымінацыі сталі магчымымі з-за таго, што персанал ІЧУ складаўся выключна з мужчын, лічыць праваабаронца Кісляк.

У ліпені 2011 года Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын ААН вынес рашэнне па гэтай справе, у якім прызнаў дыскрымінацыю Інгі Абрамавай і запатрабаваў ад беларускага ўрада выдаць ёй належную кампенсацыю, якая адпавядае цяжкасці парушэнняў яе правоў.

Таксама ў рашэнні па справе камітэт выказаў шэраг агульных заўваг, пры выкананні якіх будзе ліквідаваная дыскрымінацыя жанчын у месцах зняволення ў Беларусі. У іх ліку – прыняць меры па забеспячэнні фізічнай і псіхалагічнай бяспекі жанчын-зняволеных ва ўсіх месцах ізаляцыі, уключаючы належныя памяшканні і матэрыялы, неабходныя для задавальнення адмысловых патрэбнасцяў жанчын у плане гігіены; па эфектыўным расследаванні заяў жанчын-зняволеных пра дыскрымінацыйнае, жорсткае ці зневажальнае абыходжанне, што прыніжае годнасць, а таксама, каб надгляд жанчын-зняволеных і нагляд за імі забяспечвалі належным чынам падрыхтаваныя жанчыны-супрацоўнікі.

Паводле слоў Кісляка, вынясенне рашэння па гэтай скарзе не заканчэнне, а сярэдзіна шляху. Асноўны сэнс разгляду ў камітэце такіх спраў па індывідуальных паведамленнях у тым, каб выяўляць сістэмныя парушэнні правоў чалавека, садзейнічаць выпраўленню сітуацыі, ствараць умовы для выключэння падобных парушэнняў у будучыні.

"Беларускія жанчыны атрымалі магчымасць звяртацца ў гэты камітэт у 2004 годзе пасля падпісання і ратыфікацыі нашай дзяржавай Факультатыўнага пратакола да Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, – сказаў Кісляк. – Справа Інгі Абрамавай – першая і пакуль адзіная з краін СНД, разгледжаная ў камітэце".

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны