Навіны Навіны Руху

«Свінцовы» завод: паўкіламетра да лецішчаў

«Свінцовы» завод: паўкіламетра да лецішчаў

6314 Праглядаў Белаазёрск Пінск
У Белаазёрску 20 чэрвеня адбыліся грамадскія слуханні паводле справаздачы ацэнкі ўдзеяння завода па вытворчасці свінцу і сплаваў на навакольнае асяроддзе, якую збіраюцца запусціць у горадзе. Слуханні былі скліканыя дзякуючы намаганням каардынатара Руху «За Свабоду» па Брэсцкай вобласці Зміцера Траццяка.

Слуханні з большага складаліся з выступаў прадстаўнікоў Першай акумулятарнай кампаніі з Пінску, якая мае намер арганізаваць шкоднае прадпрыемства ў Белаазёрску, а таксама ўстановы, якая рыхтавала ацэнку ўздзеяння.

На пытанні грамадскасці адвялі траціну часу слуханняў. Каля дзясятка пытанняў задалі прадстаўнікі Руху «За Свабоду» — намеснік старшыні арганізацыі Юрась Губарэвіч і эколаг, кіраўнік мінскай гарадской філіі Юрась Меляшкевіч.

На пераважную большасць пытанняў адказы не прагучалі. Напрыклад, аб прычынах скарачэння санітарна-ахоўнай зоны, пра небяспеку выторчасці свінцу для арганізму чалавека, пра тое, якія аб’екты водазабеспячэння і сяльгасвытворчасці месцяцца ў санітарна-ахоўнай зоне, пра якасць ачышчальных збудаванняў.

Мясцовыя жыхары, што бралі ўдзел у слуханнях, патрабавалі канкрэтных адказаў наконт магчымых праблемаў, а не навуковых дакладаў.

Нейкага галасавання па выніках слуханняў не праводзілася. Бізнэсоўцы і ўлады, як было паведамлена, проста прымуць меркаванне грамадскасці да ўвагі пры прыняцці рашэння.

«Хаця зразумела, што рашэнне ўжо прынята. Слуханні праводзіліся дзеля выканання фармальнасцяў паводле заканадаўства. Паміж уладамі, стваральнікамі гэтай шкоднай вытворчасці і насельніцтвам — глухая сцяна!Наступным нашым крокам будуць пісьмовыя патрабаванні даць адказы на пытанні, што прагучалі, і правесці незалежную экалагічную экспертызу», — зазначаў у інтэрв’ю Pyx.by Юрась Губарэвіч.

Юрась Меляшкевіч зазначыў, што паводле дакладаў на слуханняў ніякіх праблем ад гэтага завода не будзе: «Ні слова не прагучала пра тую самую шкоднасць свінцу для арганізму чалавека». Па яго словах, завод дасць усяго 100 працоўных месцаў 13-тысячнаму гораду, але ж у Белаазёрску і так здаровых толькі 17-20% жыхароў.

Завод у Белаазёрску будзе ўяўляць сабой, паводле афіцыйнай інфармацыі, вытворчасць свінцу і сплаваў для металургічнай перапрацоўкі свінецутрымліваючай сыравіны (лому адпрацаваных акумулятарных батарэй). Аб’ёмы — 10 тысяч тон свінцу і свінцовых сплаваў. Мэта — «задавальненне патрэбаў беларускіх прадпрыемстваў у свінцы і сплавах, а таксама экспарт прадукцыі ў краіны далёкага і блізкага замежжа; рэалізацыя праектаў пашырэння імпартазамяшчальнай вытворчасці акумулятарных батарэй ў Беларусі; максiмальнае ўцягненне адходаў у абарот у якасці другаснай сыравіны, прадухіленне іх шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе».

Паведамляецца, што «завод па вытворчасці свінцу і сплаваў размесціцца ў асобным будынку цэнтральных рамонтных майстэрняў на тэрыторыі Бярозаўскай ГРЭС, у зоне размяшчэння прадпрыемства адсутнічаюць зоны адпачынку насельніцтва і лекавальныя ўстановы, дачныя ўчасткі знаходзяцца на адлегласці 610 м ад тэрыторыі прадпрыемства».

Ці не забылі напісаць, што «ўсяго» 610 метраў будзе ад «свінцовага» завода да лецішчаў з бульбай ды трускаўкамі..?

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны