Навіны Навіны Руху

Белакоз і Вольскі — сёлетнія лаўрэаты прэміі «За свабоду думкі»

Белакоз і Вольскі — сёлетнія лаўрэаты прэміі «За свабоду думкі»

3430 Праглядаў Бычкі
19 чэрвеня на радзіме Васіля Быкава (у вёсцы Бычкі ва Ўшацкім раёне) адбылося ўручэнне сёлетняй прэміі «За свабоду думкі», заснаванай кіраўніком Руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам. Прэмію атрымалі ў гэтым годзе два чалавекі — рок-музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, стваральнік яшчэ за савецкім часам унікальнага этнаграфічнага музея ў Гудзевічах Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Сёлетніх лаўрэатаў абралі ўладальнікі прэміі мінулых гадоў: імі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык-літаратар Павел Севярынец, затым мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, палітык-паэт Уладзімір Някляеў.

Лаўрэатаў прэміі «За свабоду думкі» прадставілі двое з іх Уладзімір Арлоў і Алесь Пушкін. Імі сталі адзін з самых вядомых рок-музыкаў краіны Лявон Вольскі і славуты этнограф Алесь Белакоз.

На імпрэзе, якая прайшла каля дома-музея Васіля Быкава, змог прысутнічаць толькі Алесь Белакоз. Лявон Вольскі цяпер па-за межамі Беларусі, але ён перадаў словы падзякі і падзяліўся пачуццём усцешанасці апынуцца ў шэрагу ўганараваных прэміяй вядомых беларусаў, паведаміў Аляксандр Мілінкевіч.

Алеся Мікалаевіча Белакоза палітык назваў"хросным бацькам Адраджэння на Гродзеншчыне«. Сам жа лаўрэат сціпла назваў сябе «звычайным настаўнікам, які зрабіў справу, якуб быў абавязаны рабіць».

Выступаючы на цырымоніі ўганаравання новых лаўрэатаў прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, колішні спікер Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб адзначыў, што пісьменнік усё жыццё змагаўся за праўду — пра Вялікую айчынную вайну, пра савецкую рэчаіснасць...

Старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч павіншаваў прысутных на імпрэзе і ўсіх суайчыннікаў з днём нараджэння вялікага грамадзяніна Беларусі — Васіля Быкава.

Прагучаў апошні верш сябра Быкава Рыгора Барадуліна пра свабоду і вязняў свабоды. Апрача гэтага, паэт перадаў сядзібе-музею Васіля Быкава кніжкі пісьменніка і пра пісьменнніка з уласнай бібліятэкі.

Нагадаем, прэмія «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава заснаваная лідарам Руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе. Прызначэннем прэміі з’яўляецца ўслаўленне моцы думкі і духу, плённай працы на ніве беларушчыны.

Урачыстая імпрэза па ўшанаванні лаўрэатаў прэміі арганізуецца штогод у вёсцы Бычкі на Вушаччыне Віцебскай вобласці (на радзіме Васіля Быкава) напрыканцы чэрвеня, блізка да дня народзінаў славутага беларускага пісьменніка.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны