Навіны Навіны Беларусі

Навукоўцы абмеркавалі ролю Грунвальдскай перамогі

Навукоўцы абмеркавалі ролю Грунвальдскай перамогі

3997 Праглядаў Мінск
У мінскім Палацы Мастацтваў адбылася навуковая канферэнцыя «660-годдзе Вялікага Князя Вітаўта і 600-годдзе Грунвальдскае бітвы».

Мерапрыемства праходзіла ў суботу, 13 лістапада.

Паводле намесніка старшыні аргкамітэту па святкаванні 660-годдзя Вялікага Князя Вітаўта і 600-годдзя Грунвальдскае (Дубровенскае) перамогі Міколы Купавы найбольшую цікавасць прысутных выклікалі даклады «Вялікі Князь Вітаўт на шляху ад ВКЛ да Каралеўства» Юрыя Бохана, «Падрыхтоўка супраціўных бакоў да вырашальнай бітвы 1410 г.» Міхала Касцюка, «Новая літаратура пра Вялікую вайну 1409 —1410 гадоў» Георгія Галенчанкі, «Княскі голас, або Камунікацыя ў Грунвальдскай бітве 1410 года». Уладзіміра Канановіча, «Справа грунвальдскіх палонных з Літвы-Беларусі ў лацінскіх дакументах пачатку 15 стагоддзя» Алеся Жлуткі, «Да пытання ўдзелу жамойтаў у Грунвальдскай бітв» Аляксея Шаланды

Нікога з удзельнікаў канферэнцыі не пакінуў абыякавым выступ геральдыста Анатоля Цітова на тэму «Пагоня — старадаўні сімвал Літвы-Беларусі».

Фота Леаніда Касабуцкага

— Прыемна ўразілі выступоўцы з Гародні, якія вельмі адказна паставіліся да ўдзелу ў нашай канферэнцыі. Гэта — Святлана Марозава, Алесь Астроўскі, Святлана Янчалоўская, Віктар Белазаровіч, — зазаначае Мікола Купава.

На канферэнцыі былі агучаны вынікі апошніх гістарычных даследаванняў беларускіх навукоўцаў, датычных падзеі 600-гадовай даўніны, а таксама зазначана рашаючая роля вайсковых фармаванняў з тэрыторый сучаснай Беларусі і Літвы ў Грунвальдскай перамозе. Сустрэча навукоўцаў дапамагла сістэматызаваць небагатыя звесткі пра існавання беларускай дзяржавы і яе міжнародную ролю ў XV стагоддзі.

Пасля канферэнцыі ў Чырвоным касцёле адбыўся канцэрт духоўнай музыкі, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай перамогі. У ім прынялі ўдзел Iван Юркевіч (арган), Ганна Бяляева (вакал), Аляксандр Новiкаý (лiтаýры), а таксама касцёльны хор. На канцэрце сярод іншых твораў была выканана кампазіцыя Ганны Кароткінай «Грунвальд».

Арганізатар канферэнцыі Мікола Купава вельмі ўдзячны тым, хто дапамог у правядзенні мерапрыемства:

— Хачу выказаць шчырую падзяку за дапамогу ў арганізацыі канферэнцыі Руху «За Свабоду», а таксама прыватнай асобе, прадпрымальніку і фатографу Леаніду Касабуцкаму. Ну і канешне я вельмі ўдзячны за гасціннасць, клопат і дапамогу пробашча Чырвонага касцёла Ўладзіслава Завальнюка, дзякуючы якому канферэнцыя завяршылася незабыўным вечарам.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны