Навіны Беларусь і Свет

«Еўраньюс» можа загаварыць па-беларуску

«Еўраньюс» можа загаварыць па-беларуску

2570 Праглядаў
Гэтую ідэю пачалі разглядаць у Еўракамісіі. Там чакаюць праекту аб беларусізацыі тэлеканала.

На семінары для журналістаў з краін «Усходняга партнёрства» (ён праходзіў 6-7 чэрвеня ў Брусэлі) выступалі чыноўнікі розных узроўняў з Еўрапарламенту і Еўракамісіі.

З «перакананняў прыстойнасці» на падобных сустрэчах гасцей просяць выказаць свае ідэі па ўдасканальванню супрацы паміж прэсай і еўрачыноўнікамі. Журналісты з краін «Усходняга партнёрства» збольшага скардзіліся на парушэнні правоў чалавека, нізкую аплату працы і г. д.

Беларускі жуналіст Мікола Дзябёла вырашыў скарыстацца магчымасцю і нечакана прапанаваў Алайну Дзюморту, старшыні медыйнай сеткі Еўрапейскай камісіі, арганізаваць трансляцыі знакамітага тэлеканала «Еўраньюс» па-беларуску. Канал у дадзены момант шукае нават арабамоўных журналістаў, а вось родную мову беларусаў, якія жывуць у самым сэрцы Еўропы, на «Еўраньюс» не пачуеш.

Еўрачыноўніка ідэя расхвалявала, паведамляе Еўрарадыё. Алайн Дзюморт мае пэўны ўплыў на кіраўніцтва знакамітага тэлеканала. Ён не проста ухваліў беларусізацыю канала «дзяжурнымі фразамі», але і сам пасля свайго выступу падышоў да беларускай дэлегацыі, каб абмеркаваць ідэю. Пасля прызначыў сваіх адказных памочнікаў, каб тыя трымалі пытанне пад кантролем. Цяпер у Еўракамісіі ад Міколы Дзябёлы чакаюць праекту аб беларусізацыі тэлеканала «Еўраньюс».

«Па-першае, гэта палепшыць імідж беларускай мовы, таму што такі аўтарытэтны канал, як „Еўраньюс“, калі ён будзе трансляваць усё па-беларуску, аўтаматычна будзе рабіць нашу мову больш уплывовай, — матывуе Мікола Дзябёла. — Я лічу, калі гэты канал будзе транслявацца па-беларуску, то і навінаў пра нашу краіну будзе больш. Зараз сюжэтаў пра Беларусь няшмат, хоць падзеяў, вартых увагі ўсёй Еўропы, дастаткова. З гэтай прычыны я і паспрабаваў падаць ідэю спадару Дзюморту».

«Еўраньюс» з’яўляецца папулярным і салідным агульнаеўрапейскім каналам. Штаб-кватэра яго знаходзіцца ў французскім Ліёне. У 2005 годзе гучалі заклікі ўвесці беларускамоўную і ўкраінамоўную трансляцыю на «Еўраньюс». Ідэю лабіявалі польскія і літоўскія дэпутаты Еўрапарламента. Для Украіны ідэя спрацавала, а «беларусізацыю» канала тады так і не давялі да канца.

Нагадаем, з 1 студзеня ў нашай краіне спынілася вяшчанне канала, але нядаўна «Еўраньюс» вярнулі — вяшчанне аднавілася з 1 чэрвеня.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны