Навіны Беларусь і Свет

Даля Грыбаўскайтэ: Незалежная Беларусь — інтарэс Літвы

Даля Грыбаўскайтэ: Незалежная Беларусь — інтарэс Літвы

2186 Праглядаў
Літва зацікаўлена ў незалежнай Беларусі, заявіла літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ падчас выступлення з гадавым пасланнем у Сейме 7 чэрвеня.

Як паведамляе інтэрнэт-партал delfi.lt, паводле меркавання Грыбаўскайтэ, перадусім камунікацыя і эканамічнае супрацоўніцтва з’яўляюцца складальнікамі добрасуседства.

«Вялікая каштоўнасць — добрасуседства. Але гэта не данасць. Добрасуседства — гэта калі эканамічнае супрацоўніцтва квітнее, а паміж супольнасцю краін адбываецца інтэнсіўная камунікацыя. Гэта павінна стаць нашай кропкай адліку пры вымярэнні якасці суседскіх адносін», — сказала Грыбаўскайтэ.

У якасці прыкладу яна прывяла сумесныя праекты з Польшчай і цікавасць Літвы да Беларусі.

«Для бяспекі Літвы важнае значэнне мае канструктыўнае і стабільнае суседства. Таму для нас важная рэалізацыя стратэгічных праектаў у галіне энергетыкі і бяспекі з Польшчай, — сказала Грыбаўскайтэ. — А незалежная Беларусь — інтарэс Літвы. Я заўсёды выступала і буду выступаць за метад дыялогу і супрацоўніцтва з суседзямі. Аднак гэта не азначае, што можна з цярпеннем ставіцца да паводзін, якія скіраваныя супраць дэмакратычных прынцыпаў і парушаюць правы чалавека».

Паводле яе слоў, адкрытасць, празрыстасць і пераемнасць — гэта нязменныя рысы знешняй палітыкі Літвы, якая абапіраецца на гэтыя прынцыпы сёлета, у перыяд старшынства ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і будзе на іх абапірацца і ў перыяд падрыхтоўкі да маючага адбыцца старшынства Літвы ў Еўрапейскім саюзе.

Акрамя таго, Грыбаўскайтэ асобна спынілася на пытаннях бяспекі ў сферы атамнай энергетыкі, адзначыла крайнюю важнасць адпаведнасці міжнародным стандартам цяперашніх і будучых праектаў АЭС, асабліва па суседстве з Літвой, паведамляе БелаПАН.

«Пры актыўным удзеле Літвы ў Бруселі Еўрапейскі саюз паставіў перад сабой мэту дамагацца, каб усе ўжо рэалізаваныя і будучыя праекты атамных электрастанцый адказвалі найвышэйшым міжнародным стандартам, — заявіла Грыбаўскайтэ. — Гэтым стандартам бяспекі павінны адпавядаць і запланаваныя па суседстве з Еўропай, у тым ліку і па суседстве з Літвой, атамныя электрастанцыі. Да гэтай ініцыятывы Літвы ўжо далучаецца значная колькасць краін — членаў Еўрапейскага саюза».

Нагадаем, Беларусь мае намер пабудаваць атамную электрастанцыю ў Астраўцы (Гродзенская вобласць), у непасрэднай блізкасці ад мяжы з Літвой.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны