Навіны Навіны Беларусі

Польскае пасольства ў Минску пераязджае

Польскае пасольства ў Минску пераязджае

2580 Праглядаў Мінск
З 11 чэрвеня пасольства Польшчы ў Мінску будзе працаваць на новым адрасе. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар дыпмісіі Павел Марчук, пасольства пераехала ў будынак па вул. Крапоткіна, 91а.

«Мы пераехалі. Будзем тут працаваць, пакуль не прыстасуем пастаянны будынак на вуліцы Бядулі», — сказаў Марчук. Ён удакладніў, што да верасня там павінны быць завершаны ўсе рамонтныя работы.

Нагадаем, на прэс-канферэнцыі ў Мінску 22 снежня 2011 года пасол Польшчы Лешак Шарэпка заяўляў, што яшчэ не ведае, дзе будзе працаваць пасольства з 1 студзеня. На той момант, паводле яго слоў, польскі бок не атрымаў адказу ад прадпрыемства «Дыпсэрвіс» Кіраўніцтва спраў прэзідэнта. «Сітуацыя складаная, але не безнадзейная, — сказаў пасол. — Мы ўжо атрымалі ад МЗС Беларусі дазвол, каб памяняць юрыдычны адрас. На гэтым тыдні падпішам папярэдні дагавор з уласнікам новага будынка, потым — дадатковыя перамовы аб умовах. На ўсё гэта патрэбны час. Спадзяюся, што беларускі бок разумее, што не толькі мы вінаватыя ў гэтай сітуацыі, і будзе дзейнічаць у адпаведнасці з дыпламатычнымі пагадненнямі».

Раней, у верасні мінулага года, Шарэпка заяўляў, што польскаму боку не ўдаецца ўзгадніць з беларускім МЗС варыянты размяшчэння дыппрадстаўніцтва ў Мінску. «На нашы запыты мы не атрымалі ніякага афіцыйнага адказу з боку „Дыпсэрвіса“. Пасля паўторных просьбаў былі два варыянты, якія нам не падышлі, таму што ў адным будынку нельга нават кандыцыянер далучыць, а другі занадта маленькі, увесь персанал пасольства там не памесціцца», — казаў дыпламат.

Ён таксама паведаміў, што пасольства самастойна знайшло прыдатны варыянт. «Але гэта прыватны будынак, і зараз уладальнік завяршае працэс афармлення ўсіх дакументаў. Пасля гэтага мы павінны будзем яшчэ раз звярнуцца ў „Дыпсэрвіс“, каб атрымаць дазвол пачаць нейкія работы. Гэта зойме паўгода», — зазначыў Шарэпка.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных тады заяўляў наступнае: «На наш вялікі жаль, у сваіх заявах адносна будынка пасол Польшчы спадар Шарэпка моцна хітруе». Паводле яго слоў, «польскаму боку з поўным выкананнем усіх юрыдычных працэдур было паведамлена пра спыненне кантракта на арэнду будынка пасольства яшчэ пяць гадоў таму».

Савіных сказаў, што ў 2008 годзе польскаму пасольству быў выдзелены ўчастак зямлі ў прэстыжным месцы Мінска для ўзвядзення новага будынка. «Польскі бок пагадзіўся з гэтай прапановай і падпісаў адпаведны прававы акт. Далей польскі бок проста не рабіў ніякіх бачных для нас дзеянняў. На жаль, мы ўсё часцей і часцей сутыкаемся з прыкладамі, калі за звонкімі фразамі і дэманстратыўнымі позамі польскай дыпламатыі тоіцца адсутнасць цвярозага розуму, а іншым разам, як у гэтым канкрэтным выпадку, — звычайная безадказнасць», — сцвярджаў у верасні прадстаўнік МЗС.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны